Лепшая медыцынская сястра

Занальны тур абласнога конкурсу “Лепшы па прафесіі” сярод працэдурных медыцынскіх сясцёр устаноў аховы здароўя Асіповіцкага, Глускага, Кіраўскага і Клічаўскага раёнаў прайшоў у раённым Доме культуры. Наш раён на ім прадстаўляла палатная медыцынская сястра дзіцячага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Нявінская і стала лепшай!
На здымку: Святлана Нявінская са сваім талісманам — пчолкай.

Узровень прафесіяналізму канкурсанткам давялося даказваць не толькі дэманструючы свае прафесійныя навыкі, уменне прымаць правільныя рашэнні ў экстрэмальных сітуацыях, а і раскрываючы свае асабістыя якасці, творчыя здольнасці.
Конкурс праходзіў у 4 этапы. Прадстаўляючы свае візітныя карткі, удзельніцы не толькі расказвалі аб сабе, сваёй прафесіі, але і абаранялі эмблему і свой варыянт спецвопраткі медсястры.
У конкурсе эрудытаў мядсёстры рашалі тэставыя заданні па асноўных накірунках сваёй прафесійнай дзейнасці і сітуацыйныя задачы па аказанні даўрачэбнай дапамогі і тактыцы медыцынскай сястры пры неадкладных сітуацыях.
Падчас выканання практычнага задання прама на сцэне РДК удзельніцы рабілі ўнутрывенную ін’екцыю смельчакам з залы.
Дамашняе заданне «Жыццё без шкодных звычак» з абавязковым прыцягненнем балельшчыкаў удзельніцы прадставілі творча ў выглядзе нумароў мастацкай самадзейнасці, якія прапагандавалі здаровы лад жыцця.
Удзельніцы конкурсу, хоць і хваляваліся, перажывалі, паспяхова справіліся з усімі заданнямі, паказалі, што яны не толькі сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, а і эрудзіраваныя, захопленыя асобы. Паспрабуй тут выбраць лепшую! Менавіта гэтую задачу і вырашала кампетэнтнае журы, па аднагалосным рашэнні якога лепшай медсястрой сярод прадстаўнікоў чатырох раёнаў стала кіраўчанка Святлана Нявінская.
— Арганізацыя конкурсу заслугоўвае самай высокай ацэнкі, — адзначыла старшыня журы, галоўная медсястра Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы Аксана Рамановіч. — Належны і ўзровень падрыхтоўкі канкурсантак, а што тычыцца пераможцы, то тут, як гаворыцца, без каментарыяў. На нашу думку, на заключным этапе конкурсу Святлана саставіць дастойную канкурэнцыю прадстаўнікам абласных і гарадскіх устаноў.
Дзякуючы перамозе ў адборачным туры Святлана Нявінская атрымала пуцёўку на ўдзел у заключным этапе конкурсу, які пройдзе 31 мая ў Магілёве.
— Зразумела, вельмі рада сваёй перамозе, — гаворыць Святлана, — шмат зрабілі для гэтага я сама і мае калегі. Асабліва я ўдзячная галоўнай медсястры райбальніцы Л.І.Лазаковіч, старшым мядсёстрам дзіцячага аддзялення С.М.Бяляўскай, тэрапеўтычнага — Н.У.Бай і паліклінікі — А.Я.Шаленгоўскай, а таксама мастацкаму кіраўніку Л.І.Кушнер. Эмоцый шмат, пачуцці перадаць цяжка; усе канкурсанткі выступілі добра, але я рада, што я — лепш за іншых! Разумею, што перамога абавязвае да многага. Абяцаю зрабіць усё магчымае, каб дастойна прадставіць наш раён у Магілёве.
Поспех не прыходзіць сам па сабе. Акрамя сярэднеспецыяльнай медыцынскай адукацыі Святлана Нявінская мае вышэйшую педагагічную, што дапамагае ёй у зносінах з дзецьмі. У сваёй рабоце яна кіруецца прынцыпамі гуманнасці, добразычлівасці, вельмі любіць дзяцей і сваю прафесію.
Галіна РУСЕЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.