На абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей

Пяты год адказныя і зацікаўленыя органы і службы раёна вядуць карпатлівую работу па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у сацыяльна няўдачных сем’ях”.
Праблемныя моманты, шляхі ўдасканалення гэтай работы перыядычна разглядаюцца на пасяджэннях райвыканкама, раённага каардынацыйнага Савета па выкананні Дэкрэта №18. І сёння можна гаварыць аб пэўных станоўчых выніках, якія дасягнуты дзякуючы агульным намаганням. Перш за ўсё, гэта тое, што 21 дзіцяці (42,8%) з ліку адабраных у нерадзівых бацькоў пасля іх выпраўлення вернуты ў біялагічныя сем’і. 9 бацькоў былі адноўлены ў бацькоўскіх правах у адносінах 15 непаўналетніх. З 17 дзяцей, бацькі якіх былі пазбаўлены сваіх правоў, 12 уладкаваны ў прыёмныя і апякунскія сем’і, 2 усыноўлены, 2 знаходзяцца ў раённым дзіцячым сацыяльным прытулку, 1 — у Доме дзіцяці. Ніводны непаўналетні з сацыяльна няўдачных сем’яў не застаўся без увагі і падтрымкі.
Аб гэтых і іншых пытаннях, якія датычацца рэалізацыі Дэкрэта №18 , ішла размова на чарговым пасяджэнні райвыканкама, дзе зацікаўлена і нераўнадушна былі выказаны слушныя думкі і меркаванні, і прынята рашэнне, утрымліваючае дзейсныя меры па паляпшэнні якасці работы.
Сістэма ранняй прафілактыкі
сямейнага недабрабыту

Сярод станоўчых рэзультатаў старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў адзначыў тое, што ў раёне наладжана сістэма міжведамаснага ўзаемадзеяння па кантролю за ходам рэалізацыі Дэкрэта №18, своечасова выяўляюцца факты сямейнага недабрабыту і, зыходзячы з праблем кожнай канкрэтнай сям’і, ёй забяспечваюцца неабходная падтрымка і дапамога. Не дапускаецца знаходжання дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы. Калі бацькі не становяцца на шлях выпраўлення, дзеці адбіраюцца з такіх сем’яў, іх утрыманне бярэ на сябе дзяржава, а бацькі атрымліваюць статус абавязаных асоб і павінны кампенсаваць затрачаныя на дзяржаўнае забеспячэнне іх сыноў і дочак сродкі.
Але, як заўважыў старшыня райвыканкама, усім адказным і зацікаўленым службам трэба наладзіць прафілактычную работу такім чынам, каб справа да адабрання дзяцей з сем’яў не даходзіла, а калі гэта здарылася, то працаваць з бацькамі на добры зыход справы: каб не было падстаў пазбавіць іх бацькоўскіх правоў, і больш дзяцей вярталася ў свае біялагічныя сем’і.
Меры па спагнанні расходаў
на ўтрыманне дзяцей

Згодна інфармацыі намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Т.Р.Баранавай, па становішчу на пачатак красавіка гэтага года на кантролі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, РАУС, судзе раёна знаходзіцца 108 асоб, абавязаных кампенсаваць расходы на ўтрыманне дзяцей, знаходзячыхся на дзяржаўным забеспячэнні: 81 з іх працуе ў арганізацыях раёна, 3 знаходзяцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, 11 адбываюць тэрмін пакарання ў месцах пазбаўлення волі, 3 — у водпуску па догляду дзіцяці, 1 — у вышуку, 7 — пенсіянеры, 2 вяртаюць сродкі ў добраахвотным парадку.
За час дзеяння Дэкрэта №18 прадпрыняты шэраг мер па павелічэнні працэнта кампенсацыі расходаў дзяржавы з абавязаных асоб.
Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ажыццяўляе працаўладкаванне такіх асоб. Для іх рашэннем райвыканкама штогод браніруюцца рабочыя месцы. Па становішчу на 1 мая бягучага года практычна ўсе абавязаныя асобы працаўладкаваны.
Але не ўсе яны належным чынам успрымаюць сур’ёзнасць сітуацыі. Рэальнай праблемай, якая перашкаджае больш поўнаму вяртанню даўгоў перад дзяржавай з’яўляюцца прагулы, учыняемыя абавязанымі асобамі (за мінулы год у сярэднім на кожнага чалавека прыйшлося па 18,8 прагула або па 1,6 у месяц, за першы квартал бягучага года — 3,3). Трэба заўважыць, што кантроль за яўкай на работу абавязаных асоб ажыццяўляецца штодзённа. Аб іх няяўцы наймальнікі інфармуюць упраўленне пра працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а яно паведамляе аб гэтым у РАУС, суд, пракуратуру, і прадпрымаюцца меры, каб забяспечыць прысутнасць прагульшчыкаў на рабочым месцы і выкананне імі працоўных абавязкаў.
Прадпрыняты спробы стварэння з асабліва злосных прагульшчыкаў спецыялізаванай брыгады для работы пад наглядам супрацоўнікаў РАУС на аб’ектах сельгасарганізацый. Зараз такая брыгада працуе ў СВК “Бераснёўскі”.
Дзякуючы намаганням многіх службаў і арганізацый, колькасць прагулаў зменшылася, але ў некаторых калектывах яны застаюцца актуальнай праблемай.
У адносінах абавязаных асоб, якія дапускаюць прагулы і сістэматычна злоўжываюць спіртнымі напіткамі, прымаецца рашэнне суда аб накіраванні іх на лячэнне ў лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП).
Пытанні,
патрабуючыя вырашэння

“Як бачна, напал работы па Дэкрэту №18 не спадае, — заўважыла ў ходзе пасяджэння старшыня суда Н.П.Чмара. — Усім службам трэба працаваць больш актыўна, зацікаўлена і скаардынавана.
Зразумела, што складана забяспечыць спагнанне з абавязаных асоб запазычанасці дзяржаве за ўтрыманне іх дзяцей у 100-працэнтным памеры: большасць з іх не мае адукацыі, прафесіі, працаваць з імі нялёгка, але патрэбна, некаторыя ж наймальнікі на гэта забыліся.
Адказным службам неабходна ставіць перад судом пытанне аб спісанні ці змяншэнні запазычанасці дзяржаве бацькоў, да якіх вярнулі іх дзяцей.
І яшчэ адзін важны момант. Трэба вельмі скрупулёзна падыходзіць да вырашэння пытання вяртання дзяцей у біялагічную сям’ю, і ўсім службам кантраляваць, як дзіцяці жывецца ў гэтай сям’і пасля вяртання”.
На пасяджэнні таксама пастаўлена задача наладзіць сістэму па выяўленні і ўліку жылых памяшканняў, належачых абавязаным асобам, для магчымай здачы іх па дагаварах найму (паднайму), што дазволіла б палепшыць сітуацыю па спагнанні сродкаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей.
Намечаны шэраг мер па павышэнні эфектыўнасці работы РАУС, аддзела адукацыі райвыканкама, цэнтральнай раённай бальніцы, сельвыканкамаў і іншых зацікаўленых структур па вырашэнні праблемных пытанняў .
Адзначалася неабходнасць узмацнення ролі раённых грамадскіх аб’яднанняў у пытаннях прафілактыкі сямейнага недабрабыту і арганізацыі работы з абавязанымі асобамі.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.