Наводзіць парадак павінны мы самі

Чарговая “прамая тэлефонная лінія”, якая праводзілася на базе раённай газеты “Кіравец”, была пры-свечана пытанням добраўпарадкавання тэрыторыі раёна, будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў. Тэма — актуальная для жыхароў раёна, і гэта пацвердзіла колькасць званкоў: тэлефон практычна не змаўкаў. На пытанні тэлефанаваўшых адказвалі в.а. начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Г.П.Басак, галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В.У.Дз’якава, намеснік начальніка землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Л.Г.Шкрабава, дырэктар УКП “Жылкамгас” Ю.В.Мацюшонак. Частка пытанняў патрабавала вывучэння сітуацыі на месцах. Праз пэўны час пасля “прамой лініі” мы атрымалі адказы ад кампетэнтных асоб аб рэагаванні на іх. У рэдакцыю таксама паступілі тэлефонныя званкі ад асобных жыхароў з падзякамі за аператыўнае вырашэнне праблем.
— У жылым сектары па вул. Кірава насупраць гарадскога парку частка кватэр знаходзіцца ў камунальнай уласнасці. Але каля іх ніхто не прыбірае смецце. Хаця, у прыватнасці, я спраўна штомесяц плачу за камунальныя паслугі.
Н.Т.Баркуціна,
пенсіянерка.

— Высветлім сітуацыю. Калі сапраўды так, парадак навядзем.
За ўчасткам, дзе знаходзіцца указаны жылы сектар, замацаваны дворнік, які павінен наводзіць парадак з боку вул. імя Кірава.
— Плот, які прылягае да нашага шматкватэрнага дома, што па вул. Валадарскага, д.11, патрабуе рамонту. Ці зробіць гэта “Жылкамгас”?
І.І.Лукашоў.

— Ваш дом пабудаваны шляхам стварэння жыллёва-будаўнічага кааператыва. А пакуль не выплачаны жыхарамі выдадзеныя банкам крэдытныя сродкі, то і ўсе рамонтныя работы, у тым ліку і тых аб’ектаў, што прылягаюць да дома, павінны ажыццяўляцца за сродкі жыхароў.
— Каля кантэйнера для смецця паблізу нашага дома, што па вул. Валадарскага, хтосьці згрувашчвае галлё. Гэта ж забаронена! А каму ж цяпер прыбіраць яго?
З.К.Акушэвіч,
пенсіянерка, ветэран
Вялікай Айчыннай вайны.

— Галлё мы, безумоўна, прыбярэм. А што датычыцца тых, хто яго наклаў, то, паверце, робіць падобнае нехта з Вашых суседзяў. Не павязуць жа яго на вашу вуліцу, скажам, з Хаміч. А вось выявіць такіх парушальнікаў мы можам толькі з дапамогай тых людзей, якія неабыякавыя да чысціні ў горадзе. Без гэтага мы парадак не навядзем.
На наступны дзень галлё сіламі камунальнікаў было прыбрана.
— У 2008 годзе купіла дом. Хачу да халоднай прыбудовы зараз прыбудаваць з ацяпленнем. Якія дакументы патрэбны, каб атрымаць на гэта дазвол?
А.В.Рышкевіч,
г.Кіраўск.

— Для атрымання дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва Вам патрэбна прадаставіць у службу “адно акно” райвыканкама пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі зямельнага ўчастка і капітальнага будаўніцтва.
— Вясной і ўвосень хадзіць па нашаму 2-му завулку Рабцэвіча праблематычна: дарогу размывае дажджамі, яна разбіваецца транспартам, месцамі атрымліваюцца амаль што катлаваны. Калісьці нам рабілі падсыпку, падгрэйдзіравалі. Вялікая просьба — зрабіць рамонт дарогі яшчэ!
Н.М.Каранкевіч.

— Выедзем на месца. Калі ёсць такая неабходнасць — зробім.
Жыхары 2-га завулка Рабцэвіча выказваюць вялікую падзяку кіраўніцтву УКП “Жылкамгас” за хуткае вырашэнне праблемы.
— Летась у нашым шматкватэрным доме, што па вул. Валадарскага, д.1, праводзілі рамонт цеплатрасы. У выніку было парушана асфальтавае пакрыццё каля пад’езда. Зараз, калі пройдзе дождж, — не выйсці на вуліцу. Ці будзе што зроблена па добраўпарадкаванні і калі?
Л.Л.Шакарава.

— Уваход у пад’езд адрамантуем да канца мая, зробім падсыпку, добраўпарадкуем. А вось асфальт пакласці варта пазней — цеплатраса адрамантавана пакуль яшчэ не поўнасцю.
— Па нашай вул.Цэнтральнай у Паўлавічах водаправодная сетка, пэўна, прыйшла ўжо ў нягоднасць: прабоіна за прабоінай. Вада іржавая. Можа, як-небудзь магчыма зрабіць капітальны рамонт?
А.В.Анісімава.

— Ведаем вашу праблему. Выедзем на месца для прыняцця аптымальнага рашэння. У любым выпадку вырашаць пытанне будзем. Аднак паколькі вы з суседзямі жадаеце пракласці ўчастак водаправода да прыватных домаўладанняў, то зрабіць гэта будзе можна толькі за сродкі жыхароў.
— І яшчэ пытанне: летась на нашай вуліцы каля царквы зрабілі падсыпку. Але шматтонныя грузавікі, перавозячы будматэрыялы да аб’ектаў, разбілі яе. Цяпер і на веласіпедзе цяжка праехаць. Ці будзе што-небудзь зроблена, каб выправіць сітуацыю?
— Гэты ўчастак дарогі знаходзіцца на абслугоўванні ДРБУ-197, звяртайцеся з пытаннем, калі ласка, у гэтую арганізацыю.
Як паведаміў рэдакцыі в.а. дырэктара ДРБУ-197 В.С.Токараў, па завяршэнні будаўнічых работ на вул.Цэнтральнай у Паўлавічах пашкоджанае дарожнае па-крыццё будзе адрамантавана. Работы плануецца завяршыць да канца мая.
— З вёскі Вішанька вас турбуюць. Два калодзежы ў нас, і абодва практычна ўжо прыйшлі ў заняпад: патрэбна іх чысціць, шаляваць…
В.Г.Гарбуз.

— Па-першае, у “Жылкамгасе” няма спецыялістаў па чыстцы калодзежаў, а, па-другое, гэтыя аб’екты знаходзяцца на балансе сельскіх Саветаў. Трэба ўсё ж самім людзям клапаціцца пра стан калодзежаў. Вадой жа карыстаецеся менавіта вы. Патрэбна ж і калодзежу людская аддача…
Яшчэ два падобныя пытанні на тэму рамонту калодзежаў паступілі ў хуткім часе.
— У в.Капусціна, каля дома, дзе жыве мая маці, калодзеж у зусім «сумным» стане. Патрэбен матэрыял для рамонту. Ці можа “Жылкамгас” яго выдзеліць?
Т.М.Пінчук, кіраўчанка.

— Патрабуе рамонту верхняя частка калодзежа на вул. Чарныша, дзе бяруць ваду шмат жыхароў.
В.Д.Сярова, кіраўчанка.
— У Капусціна пытанне разгледзем, матэрыял, калі патрэбна, выдзелім. Хаця на баланс “Жылкамгаса” калодзежы яшчэ і не перададзены. У райцэнтры будзем рамантаваць таксама. Але яшчэ дадам да адказу тое ж, што і папярэдняму тэлефанаваўшаму: пажадана, каб самі жыхары, якія бяруць ваду, а іх, як вы кажаце, шмат, прыкладалі руку да рамонту крыніцы. Для сябе ж…
— На вул.Заводскай райцэнтра не гарыць ніводны ліхтар на слупах. Увечары, як сцямнее, ісці і цяжка, і боязна…
В.І.Краўцова.

— Сітуацыю вывучым, зробім, па магчымасці, усё неабходнае для яе выпраўлення.
У рэдакцыю пазней патэлефанавала В.І.Краўцова, якая ад імя жыхароў вул. Заводскай выказала падзяку Ю.В.Мацюшонку за хуткае рэагаванне на просьбу. Вуліца ў вячэрні час асветлена.
— На вуліцы каля нашага дома работнікі “Жылкамгаса” рамантавалі парыў водаправода. На газон накапалі цэглы. Хто будзе прыбіраць?
В. Дастанка,
а/г Барсукі.

— Ліквідацыя парыву, і Вы, думаецца, згадзіцеся з такой думкай, справа больш важная для жыхароў. Што патрэбна прыбраць, безумоўна, прыбярэм. А газон — зазелянее…
Жыхар в.Хімарадзь М.І.Кузняцоў і жыхарка в.Вішанька В.Г.Гарбуз паведамілі аб тым, што падчас правядзення веснавых палявых работ сельскагаспадарчая тэхніка “разбівае” дарожнае пакрыццё на вуліцах названых вёсак. Тэлефанаваўшыя пыталіся, хто і калі будзе рабіць рамонт.
— Паколькі да “разбіцця” вуліц мае прамое дачыненне тэхніка сельгаспрадпрыемства, на тэрыторыі якога знаходзяцца вёскі, то, думаецца, будзе правільным звярнуцца з гэтым пытаннем непасрэдна да кіраўніцтва гаспадаркі.
На “прамой лініі”
дзяжурыў
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.