Школьнікі — за бяспечнае жыццё!

На базе камандна-інжынернага інстытута Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у Мінску прайшоў фінальны тур рэспубліканскага конкурсу “Школа бяспекі-2011” сярод вучняў школ краіны. Магілёўскую вобласць прадстаўляў сямікласнік гімназіі г.Кіраўска Кірыл Дрозд. Па выніках конкурсу ён заняў чацвёртае месца ва ўзроставай катэгорыі 5 — 7 класы.
Першы поспех Кірыла на алімпіядзе па асновах бяспекі жыццядзейнасці быў два гады таму. Хлопчык стаў пераможцам раённага этапу, а “на вобласці” заняў чацвёртую пазіцыю. Аднак спыняцца на дасягнутым — не для яго! Час узмоцненай сур’ёзнай падрыхтоўкі пад кіраўніцтвам выкладчыка фізічнай культуры і асноў бяспекі жыццядзейнасці гімназіі С.М.Садоўнікава не прайшоў дарэмна. Вучні Сяргея Мікалаевіча наогул заўсёды вылучаюцца добрымі вынікамі на алімпіядах і конкурсах. Напрыклад, сёлета на раённым этапе алімпіяды па АБЖ гімназію прадстаўлялі шасцёра рабят, і кожны з іх заваяваў ганаровыя месцы. Поспеху Кірыла парадаваліся і настаўнікі, і аднакласнікі.
У рэспубліканскім туры “Школа бяспекі-2011” прынялі ўдзел 66 рабят. Каб даць ім магчымасць паказаць свае веды ў сферы бяспекі жыццядзейнасці і пазмагацца за прызы, было прапанавана вытрымаць некалькі конкурсаў, ацэньвала ўдзельнікаў журы пад старшынствам намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Г.Ф.Ласуты.
У першым конкурсе рабяты адказвалі на тэставыя пытанні. Кірыл адказаў правільна на 79 са 100. У конкурсах “Я раскажу вам пра…” і “Медыцынская падрыхтоўка” таксама меў поспех. Крыху «не дацягнуў» у фінале, дзе разгарнулася сур’ёзная барацьба.
Акрамя Дыплома і падарункаў у Кірыла засталося шмат прыемных успамінаў:
— У перапынках паміж конкурсамі мы наведалі музей камандна-інжынернага інстытута МНС, вучэбныя класы, мелі магчымасць прымерыць пажарнае абмундзіраванне, пазнаёміліся з сабакамі Агатай і Нонай. А пасля конкурсу ўсіх удзельнікаў запрасілі на прадстаўленне ў Белдзяржцырк.
У наступным годзе Кірыл таксама збіраецца ўдзельнічаць у конкурсе і, магчыма, заняць больш высокую прыступку п’едэсталу гонару.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.