У бессмяротнай памяці народа

Жыхары Кіраўшчыны разам з усёй краінай урачыста і шчыра сустрэлі 66-ю гадавіну перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Напярэдадні гэтай даты і 9 Мая адбыўся шэраг мерапрыемстваў, у цэнтры ўвагі на якіх былі ветэраны вайны.
Святочным убранствам вуліц і плошчы імя Кірава, залітых шчодрымі промнямі майскага сонца, свежай зелянінай дрэў і яркімі фарбамі веснавых кветак сустрэў наш горад удзельнікаў урачыстасцей з нагоды асабліва значнага і шануемага ўсімі свята — Дня Перамогі.

Па традыцыі, у свяшчэнным для кіраўчан месцы — ля брацкай магілы воінаў і партызан — адбыўся ўрачыста-жалобны мітынг, у якім прынялі ўдзел ветэраны вайны, прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, моладзь.
Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Прысутных вітае старшыня райвыканкама У.У. Піскіжаў. Ён адзначае, што ў гэты дзень усе мы аддаём даніну вялікай павагі бяспрыкладнаму подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, нізка схіляем галовы перад памяццю аб загінуўшых на палях баёў, закатаваных у канцлагерах, ушаноўваем тых, хто ўнёс свой уклад у вызваленне чалавецтва ад нацызму.
У.У.Піскіжаў узгадаў старонкі гісторыі вайны ў дачыненні да Беларусі і нашага раёна і адзначыў, што каваць Перамогу савецкаму народу дапамагалі адзінства, братэрства і вера ў вызваленне.
Мы жывем у мірны час, адзначыў старшыня райвыканкама, але кожны чалавек павінен адчуваць сваю адказнасць за бяспеку і парадак у краіне. Мы абавязаны зберагчы галоўны здабытак нашай рэспублікі — яе свабоду і незалежнасць. Наша задача — жыць і працаваць так, каб героі-вызваліцелі ганарыліся нашымі поспехамі як дастойным працягам іх ратнага і працоўнага подзвігу.
Ад імя райвыканкама і ўсіх кіраўчан кіраўнік раённай вертыкалі ўлады павіншаваў ветэранаў з Днём Перамогі, пажадаў ім як мага больш часу заставацца ў страі, служыць для маладога пакалення прыкладам мужнасці, стойкасці і бадзёрасці духу, выказаў абяцанне, што ўсё будзе зроблена, каб выхаваць дастойных былых воінаў нашчадкаў, каб краіна, свабоду і незалежнасць якой яны адстаялі, заўжды была ў надзейных, працавітых руках.
(Працяг у раённай газеце ад 13 мая 2011 года).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.