З прыцэлам на вялікае малако

Адказны перыяд для жывёлаводаў — летне-пашавае ўтрыманне жывёлы — паступова набірае абароты. Але, бадай, самы складаны час, нават пераломны, прыходзіцца менавіта на перавод жывёлы з зімова-стойлавага ўтрымання на пашавае. Як правіла, у большасці гаспадарак малако “падае”, пакуль каровы прыстасуюцца да новых умоў.
На здымку: галоўны заатэхнік Анатоль Храпянкоў разам з даглядчыкам Андрэем Панталонавым на пашы каля в.Ізабеліна.

З такім нюансам сутыкнуліся і жывёлаводы СВК “Калгас “Ніва”. Зараз тут у суткі ад кожнай каровы атрымліваюць у сярэднім па 13,2 кг малака, што менш, чым у адпаведны перыяд мінулага года. Аднак сітуацыя паступова выпраўляецца. Ды і перадумовы для гэтага ёсць. У гаспадарцы своечасова набылі электрапастухі, выдзелілі пашы з добрым травастоем, якія былі падкормлены.
Пашаў жа для выпасу патрабуецца шмат. На бягучы момант у гаспадарцы ўтрымліваецца 3700 галоў буйной рагатай жывёлы, 1200 з якіх складае дойны статак. А гэта — шэсць гуртоў. Выпасваюцца яны парцыённым метадам з дапамогай электрапастухоў.
Шмат што ў гэты перыяд залежыць ад даглядчыкаў. Высокія надоі будуць забяспечаны, калі захоўваюцца ўсе тэхналогіі выпасу. У “Ніве” падабрана добрая каманда жывёлаводаў-пастухоў, кожны з якіх стараецца працаваць менавіта так. Сумленна ставяцца да выканання абавязкаў Васіль Каравай з Андрэем Панталонавым, Людміла Пінчук і Ігар Сосаў, якія абслугоўваюць два статкі фермы в.Ізабеліна; Генадзь Іваноў з Аляксандрам Хрусталёвым, якія даглядаюць статак Барсукоўскай МТФ; Сяргей Сосаў з Аляксандрам Панталонавым, якія выпасваюць цялушак фермы в.Лешчанка. Працоўны дзень у даглядчыкаў пачынаецца на досвітку — у 4 гадзіны раніцы яны разам са сваімі падапечнымі ўжо на пашы. У 8 гадзін, калі многія толькі пачынаюць працоўны дзень, пастухі прыганяюць рагуль на ранішнюю дойку. Потым — зноў на пашу, увечары — зноў дойка… І спёка, і дождж з ветрам — любое надвор’е сустракаюць даглядчыкі побач з даручаным статкам. І кожны ведае, што ад яго стараннасці залежыць не толькі, ці будзе ў гаспадарцы вялікае малако, а, адпаведна, і заработная плата, прычым не толькі ўласная, а і даярак.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.