Заўтра — Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту

Наша інтэрв’ю — з Віктарам Яўгенавічам Галомзікам, дырэктарам Кіраўскай ДЮСШ — установы, якая займае асноўную пазіцыю ў фізкультурна-спартыўнай галіне раёна.
На здымку: Стабільна высокія спартыўныя рэзультаты на спаборніцтвах розных узроўняў паказваюць выхаванцы ДЮСШ трэнераў Кірыла Сцерлінгава (лёгкая атлетыка), Валерыя Галомзіка (футбол), Сяргея Клімовіча і Юрыя Цішкова (веласпорт), якіх вы бачыце на здымку. Гэта заканамерна, бо, па-першае, кожны з уласцівым яму прафесіяналізмам ставіцца да работы, душой хварэе за сваю справу, па-другое, самі з’яўляюцца прыкладам для сваіх падапечных. Усе ў свой час дабіваліся высокіх спартыўных дасягненняў, выканалі ў сваіх дысцыплінах нарматывы кандыдатаў у майстры спорту.

Віктар Яўгенавіч, па-першае, з надыходзячым святам! Памятаецца, ў былыя часіны яно называлася Днём фізкультурніка…
— Сапраўды, хоць сёння гэта прафесійнае свята работнікаў фізкультуры і спорту, але, думаю, яно датычыцца ўсіх, хто вядзе здаровы лад жыцця. Сімвалічна, што сёлета гэты дзень супаў з Адзіным алімпійскім днём, які праводзіцца пад патранажам Міжнароднага алімпійскага камітэта.
— Калі азірнуцца на апошнюю пяцігодку, якія вынікі можна падвесці ў развіцці фізкультурна-спартыўнай галіны раёна?
— Паралельна са шматлікімі поспехамі нашых спартсменаў на спаборніцтвах самых розных узроўняў шмат зроблена ў арганізацыйным плане. Пры ДЮСШ створаны цэнтр пазашкольнай турысцка-экскурсійнай і фізкультурна-аздараўленчай работы. Школьнікі сёння могуць займацца ў фізкультурных і турысцкіх гуртках і секцыях, потым пераходзіць на больш высокі ўзровень, дзе ідзе падрыхтоўка спартыўнага рэзерву. Акрамя работы трэнерскага саставу, працуе турыстычная структура, работа якой накіравана як на развіццё школьнага турызму, так і камерцыйнага — на працягу года платных турыстычных паслуг аказваецца прыкладна на 150 млн. руб. — гэта значная сума.
— Калі гаворка пайшла пра трэнерскі састаў, то давайце закранем работу з кадрамі, ад дзейнасці якіх залежаць канкрэтныя рэзультаты.
— Так, выраз “кадры вырашаюць усё” сваёй актуальнасці не страчвае. Адзначу, што кадравы патэнцыял у фізкультурна-спартыўнай галіне раёна на высокім узроўні. Сёння ў ДЮСШ працуе 16 асноўных трэнераў, яшчэ 18 працуюць па сумяшчальніцтву. Практычна ў кожнай школе ёсць наш прадстаўнік. Не выклікае хваляванняў трываласць кадраў і ў бліжэйшым будучым. Сёння ў ВНУ вучацца каля 20 чалавек, якія збіраюцца прыйсці да нас на работу. Чакаем маладых і перспектыўных Максіма Хамічэнку, Сяргея Кавалёва, Паўла Белахвостава, Сяргея Сафончыка, Наталлю Масюковіч, Юлію Бяляўскую, Юлію Шырокую і іншых. Усе яны могуць скласці канкурэнцыю тым работнікам, якія, на жаль, не дапрацоўваюць, хоць аб гэтым і не хацелася б гаварыць напярэдадні свята. Але менавіта здаровая канкурэнцыя і павінна ўплываць на павышэнне якасці работы.
— Гаворачы аб удасканаленні майстэрства кіраўскіх спартсменаў, нельга не прыгадаць, што ўжо дзве нашы каманды з’яўляюцца ўдзельніцамі чэмпіянатаў Рэспублікі Беларусь у вышэйшай лізе…
— Не кожны райцэнтр і не кожная спартшкола могуць пахваліцца такім узроўнем выступленняў. Трэці сезон мы будзем удзельнічаць у чэмпіянаце краіны па пляжным футболе. Ёсць першыя дасягненні: сёлета “Кіраўск-ДЮСШ” заваявала “бронзу” на Кубку адкрыцця сезону. Ёсць і асабістыя поспехі. Чацвёра прадстаўнікоў кіраўскай каманды выклікаліся на матчы ў саставе зборнай краіны, а Вадзім Бокач з’яўляецца яе віцэ-капітанам, па выніках мінулага сезону быў прызнаны лепшым футбалістам-“пляжнікам”.
Сёлета поспеху дабілася і наша міні-футбольная каманда, якая ўпершыню заваявала права выступаць у вышэйшай лізе. У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць стварэння футбольнага клуба. Асобны клуб мы сабе не можам дазволіць — для гэтага патрэбны значныя сродкі. Будзем ствараць клуб у структуры ДЮСШ. Зараз шукаем спонсараў. Калі раней мы маглі за параўнальна нязначныя сродкі ўдзельнічаць у матчах чэмпіянатаў і Кубкаў краіны, то ўдзел у вышэйшай лізе патрабуе зусім іншых расходаў. Спонсарскія прапановы, дарэчы, ужо ёсць, у прыватнасці, з Бабруйска.
— Віктар Яўгенавіч, як вядома, з гэтага года не аказваецца дзяржпадтрымка гульнявым відам спорту, што рабілася на працягу пяці апошніх гадоў. Як вы пракаменціруеце гэтае рашэнне і ці не закране яно якім-небудзь чынам спартыўныя школы?
— Я абсалютна падтрымліваю такое рашэнне. Дзяржава ўкладвае значныя сродкі ў развіццё спорту ў краіне, а вось аддача — нераўнацэнная. Нямала дзяржаўных сродкаў папросту “праядалася” ў спартыўных клубах і арганізацыях, а адрасаваны яны былі на развіццё гульнявых відаў спорту, у тым ліку і дзіцячага спорту. Наша ДЮСШ з’яўляецца дзяржаўнай структурай і фінансуецца з дзяржбюджэту, што дазваляе нам мець гарантаваную зарплату, пакрываць камунальныя расходы, а самае галоўнае, забяспечваць харчаванне спартсменаў. Мы не шыкуем, імкнемся выкарыстоўваць наяўныя сродкі рацыянальна, эфектыўна. І даказваем гэта сваімі рэзультатамі. Калі раней для нас “дахам” з’яўляліся абласныя спартакіяды школьнікаў, зрэдку прабіваліся на рэспубліканскія спаборніцтвы, то сёння нашы футбалісты, веласіпедысты, валейбалісты стабільна выступаюць на ўзроўні чэмпіянатаў краіны, з’яўляюцца першыя гучныя поспехі ў лёгкаатлетаў. Разумеем неабходнасць зарабляць сродкі самім: дзяржбюджэт не непамерны, трэба праяўляць ініцыятыву на месцах, быць прадпрымальнымі.
— Што хацелася б бачыць у перспектыве?
— Будаўніцтва буйных спартыўных аб’ектаў у бліжэйшы час у раёне не намячаецца. Але гэта не значыць, што мы павінны чакаць, пакуль нехта нам штосьці пабудуе. Апошнія некалькі гадоў мы актыўна праводзім работы па рэканструкцыі гарадскога стадыёна. Сёння ён выгадна адрозніваецца ад стадыёнаў многіх райцэнтраў. Але гэта толькі першы этап. Будзем рэканструяваць таксама іншыя аб’екты, якія знаходзяцца на балансе ДЮСШ. Стаіць пытанне аб будаўніцтве ў райцэнтры спартыўнай залы, з’явіцца калісьці і басейн. Вядома ж, адразу ўсё не зробіш. І дзякуй дзяржаве за падтрымку ў вырашэнні многіх пытанняў.
— Работу каго з трэнераў, выкладчыкаў ДЮСШ, школ Вы б вызначылі з лепшага боку?
— Сёння эфектыўна працуе каманда трэнераў па веласпорце на чале са старшым трэнерам С.М.Клімовічам, які паралельна з’яўляецца старшым трэнерам зборнай Магілёўскай вобласці. Усе мы ўжо звыкліся, што іх выхаванцы рэгулярна займаюць высокія месцы на прэстыжных спаборніцтвах. Вольга Масюковіч, да прыкладу, наогул стала першай кіраўчанкай, якая ўдзельнічала ў першых Юнацкіх алімпійскіх гульнях, якія праходзілі ў Сінгапуры, і выступіла вельмі дастойна, заняўшы 11-е месца з 80 ўдзельніц. А на нядаўнім чэмпіянаце краіны па трэкавых гонках, што праходзіў у Мінску, стаў чэмпіёнам Яўген Шамсонаў, Вольга Масюковіч — сярбраным прызёрам, Наталля Пацыенак — бронзавым. І хоць зараз яны прадстаўляюць Гомельскую вобласць, атрыманыя прызавыя сертыфікаты перадалі нашай ДЮСШ для набыцця спортінвентару. Прыемна, што сённяшнія майстры не забываюць Кіраўшчыну і ўстанову, дзе яны рабілі першыя крокі.
Вынікова працуюць трэнеры С.І.Лазаковіч і В.Р.Шакараў (аддзяленне валейбола), В.М.Бокач і В.В.Галомзік (аддзяленне футбола), К.В.Сцерлінгаў (лёгкая атлетыка). Іх выхаванцы стабільна паказваюць высокія рэзультаты. З трэнерам К.А. Іваніцкім мы звязваем адраджэнне ў раёне цяжкай атлетыкі. Нельга не назваць і лепшых выкладчыкаў фізічнай культуры ў школах: гэта В.І.Вароніч (Паўлавіцкая СШ), А.С.Каранкевіч (СШ №1). Шмат увагі надае фізвыхаванню самых маленькіх спартсменаў Т.А.Клімовіч (Мышкавіцкі дзіцячы садок). А наогул у раёне працуе вельмі зладжаная каманда фізкультурнікаў, якіх я шчыра хачу павіншаваць з надыходзячым прафесійным святам і пажадаць удачы і ўдзячных выхаванцаў, якія пераўзыдуць сваіх трэнераў, спартсменам — хуткіх секунд і прыгожых галоў, ну, а усім астатнім — каб часцей прыходзілі на стадыёны і спортпляцоўкі і “хварэлі” толькі тут. І, як кажуць спартыўныя каментатары, беражыце сябе і будзьце здаровымі!
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.