Два турніры — дзве перамогі!

Удала склаліся для кіраўскіх валейбалістак 1997-98 гадоў нараджэння апошнія турніры з іх удзелам. Дзве агульныя перамогі запар!
У Клічаве прайшлі занальныя спаборніцтвы спарта-кіяды “Каласок” сярод дзяцей і падлеткаў сельскіх населеных пунктаў. Уступіўшы ў першым матчы з гаспадарамі пляцоўкі толькі ў першай партыі, кіраўчанкі не пакінулі больш шанцаў ні ў адной з наступных ніводнай з саперніц-каманд. Клічаўлянак яны абыгралі з лікам 2:1, астатніх — з Бабруйска, Асіповіч і Глуска — 2:0. Заўтра нашы зямлячкі будуць змагацца за перамогу ў абласных фінальных спаборніцтвах. У сваіх сілах яны ўпэўнены, таму ўжо зараз усе думкі і настроі кіраўскіх валейбалістак аб фінале рэспубліканскім, які пройдзе 21-23 чэрвеня ў Пружанах.
***
Ужо праз дзень каманда ДЮСШ адправілася ў Шклоў, дзе праходзіў ІV Міжнародны турнір, прысвечаны Міжнароднаму дню абароны дзяцей. Кіраўчанкі выступалі на ім у другі раз (летась у нас было другое месца). Сёлета роўных нашай камандзе не было. І зноў, як і ў папярэдніх спаборніцтвах у Клічаве, яны прайгралі толькі першую партыю першага матча: “вырваць” яе ўдалося прадстаўніцам каманды Мінска (28:26). Потым жа ўсё стала на свае месцы: кіраўчанкі выйгралі наступныя тры партыі — 3:1. Усіх астатніх саперніц — каманды Смаленска, Шклова-1 і Шклова-2 — яны перамаглі з сухім лікам 3:0 і заваявалі кубак. Аднымі з лепшых ігракоў былі прызнаны нашы Надзея Каванская і Крысціна Ермалаева, за што атрымалі спецыяльныя прызы.
Сяргей ЛАЗАКОВІЧ,
старшы трэнер ДЮСШ па валейболе.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.