Дзіцячыя мары не павінны загінуць у агні…

Часам нядбаласць і безадказнасць дарослых становяцца прычынай страшных трагедый, у якіх пазбаўляюцца жыцця бязвінныя дзеці. У сёлетнім маі ў выніку пажара, які адбыўся ў адным з жылых дамоў у в.Вялікая Кракотка, што на Гро-дзеншчыне, загінулі трое дзетак: дзяўчынкі 2004-га і 2006-га гадоў нараджэння і іх трохгадовы брацік. Малыя былі пакінуты бацькамі ў хаце адны. Папярэдняя прычына трагедыі — дзіцячае свавольства з агнём…
Сям’я, якая пазбавілася адразу траіх дзяцей, характарызавалася як сацыяльна няўдачная. Бацька стаіць на ўліку ў нарколага, схілены да злоўжывання спіртнымі напоямі, неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі.
Зразумела, пажар не выбірае сваіх ахвяр, аднак тое, што дзеці з сацыяльна няўдачных сем’яў больш за іншых падвержаны гэтай рызыцы, відавочна. Дзіцячыя мары не павінны гінуць у агні. Калі гэтага не разумеюць некаторыя таты і мамы, на дапамогу прыходзяць адказныя службы і проста неабыякавыя да чужой бяды людзі.
У раённым Цэнтры пазашкольнай работы адбыўся сход, наладжаны райаддзелам па надзвычайных сітуацыях, на які былі запрошаны бацькі дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. З прафілактычнай гутаркай да іх звярнуліся начальнік РАНС Д.А.Рошчын і начальнік інспекцыі дзяржпажнагляду РАНС М.Р.Каранкевіч.
— На жаль, не ўсе бацькі разумеюць ступень небяспекі, якой падвяргаюць сваіх сыноў і дачок, калі не выконваюць прадпісанні, выдаваемыя супрацоўнікамі нашага райаддзела, — сказаў М.Р.Каранкевіч. — То часу няма, то грошай… Аднак варта трывала ўсвядоміць, што ніякімі грашовымі сумамі немагчыма вымерыць жыццё бязвіннага дзіцяці.
Выратавальныя-пажарныя рэгулярна праводзяць абследаванне сям’яў, дзеці якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Было адзначана, што ў выпадку, калі выдаваемыя прадпісанні ўсё ж такі не будуць выконвацца, магчыма прымяненне самых жорсткіх мер, аж да адбірання дзяцей з сям’і.
— Наша мэта — не запужаць бацькоў, а дастукацца да іх свядомасці, — адзначыў Д.А.Рошчын. — Пагадзіцеся, неправільна, калі дзяцей трэба адбіраць у тат і мам, каб выратаваць малым жыццё. На жаль, усе правілы пажарнай бяспекі напісаны людскімі жыццямі, нельга дапускаць, каб дзіцячымі…
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.