Касавіца — малочнай ракі крыніца

Набірае абароты ў раёне “зялёнае жніво”. Першы ўкос траў — адказны перыяд, калі ёсць магчымасць назапасіць найбольшую колькасць сянажнай масы і сена для будучай зімоўкі грамадскага пагалоўя. А гэта, як вядома, адна з галоўных перадумоў вялікіх зімовых надояў.
Арганізавана, як, да слова, і заўсёды, праходзіць касавіца ў СВК “Чырвоны баец”, дзе мы пабывалі напрыканцы мінулага тыдня. Да “зялёнага жніва” мясцовыя земляробы падрыхтаваліся грунтоўна і загадзя. Як расказаў нам галоўны эканаміст гаспадаркі У.Р.Юшкевіч, былі распрацаваны план мерапрыемстваў на касавіцы, умовы спаборніцтваў, праведзены неабходныя інструктажы з работнікамі, да якіх, да таго ж, даведзены за-цверджаныя ўмовы аплаты працы, прадугле-джана двухразовае харчаванне.
А зараз усё гэта — у дзеянні. Пачалі першы ўкос траў байцоўцы на тыдзень раней, чым летась — 1 чэрвеня. На наступны дзень ўжо заня-ліся закладкай траншэі ў Старых Дваранінавічах каля новага комплексу. Пры такім спякотным надвор’і ды пад ветрыкам скошаная маса хутка правяльваецца і падсыхае.
За два першыя дні было за-кладзена 467 т сенажу. А ўсяго ж, каб трывала адчуваць сябе зімой мясцоваму статку, гаспадарцы згодна задання неабходна мець яго 3 тыс. т, 220 т сена. План, упэўнены ў сяльгаскааператыве, будзе выкананы, як гэта бывала і ў мінулыя гады. У “Чырвоным байцы” кармоў нарыхтоўваюць звычайна нават з запасам, які, як вядома, не толькі бяды не чыніць, а і папаўняе грамад-скую касу. Сёлета, да прыкладу, не толькі хапіла леташніх кармоў для ўласных патрэб, а і засталіся лішкі ад назапашанага, якія былі прададзены ў іншыя гаспадаркі.
Шмат тэхнікі было ў гэты дзень на адным з палёў гаспадаркі, куды мы накіраваліся потым. Тут вялася актыўная ўборка шматгадовых траў. З дапамогай дзвюх касілак сакавітая трава скошваецца ў роўныя радкі. Старанна працуюць на гэтым участку механізатары Ігар Пацыенак (на верхнім здымку) і Віталь Бабкоў. Падвяленую масу здрабняюць камбайнамі КЗР-10 Мікалай Масюковіч, Сяргей Іваноў і Андрэй Новік. Адразу дзевяць адзінак тэхнікі — трактары з прычэпамі ПІМ і грузавыя аўтамашыны — задзейнічаны на адвозцы здрабнёнай масы. Добрых слоў заслугоўвае работа Аляксандр Ермалаева, Івана Рыняка, Віктара, Дзмітрыя і Мікалая Аляксе-евых, Віктара Сенчукова і іншых. Круглыя суткі вядзецца трамбоўка масы ў сянажную траншэю. Тут стараннасцю вылучаюцца Юрый Манетаў на трактары К-700 і Сяргей Аляксееў на пагрузчыку “Амкадор”.
Работа, нягледзячы на спёку, не спыняецца ні на хвіліну. У “Чырвоным байцы” так заве-дзена: зрабіць любую работу хутка, у сціслыя тэрміны і, зразумел ж, якасна. Вось і зараз на касьбу першым укосам адве-дзена 20 дзён. Падштурхоўвае працаўнікоў і адметная ад іншых гаспадарак сістэма аплаты. Яна — бальная. Адпрацаваў механізатар альбо вадзіцель працоўны дзень, выканаўшы даведзеную норму і захаваўшы патрабаванні па ахове працы і пажарнай бяспецы, — атрымай адпаведную ацэнку сваёй працы. А ацэньвае работу аграном або брыгадзір. За 5 балаў — калі ласка, атрымай прэмію!
Мушу, аднак, крыху ўда-кладніць, што работа ўсё ж на непрацяглы час спынілася падчас нашага візіту. У поле, ўсім занятым на касавіцы прывезлі гарачы абед (на ніжніх здымках), таму механізатары і вадзіцелі заглушылі рухавікі сваіх сталёвых машын, каб падсілкавацца, а потым з новымі сіламі прыступіць да работы. Абед працаўнікі аднадушна нахвальвалі: у гаспадарцы заўсёды смачна кормяць работнікаў і, да таго ж, практычна бясплатна…
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.