Квітней заўжды, наш родны Кіраўск!

Рыгор Іванавіч КУЦІЛКІН, ветэран Вялікай Айчыннай вайны:
— За дзесяць год, вядома ж, у нашым райцэнтры многае змянілася! Багаты жыццёвы вопыт дае мне магчымасць параўнаць, як было раней і што мы маем зараз. Жыць у Кіраўск я прыехаў у 1953 годзе. Тады тут не было многіх звыклых сёння для кіраўчан аб’ектаў, а тратуары былі драўлянымі. Кіраўск мінулы і Кіраўск цяперашні — гэта як неба і зямля!
Зараз у нас утульна, чыста, прыгожа, культурна, усё да месца. Цёплым сонечным днём прыемна прайсціся па вуліцах, пагуляць у парку, прысесці адпачыць ля фантана. А канцэрты духавога аркестра, якія тут наладжваюцца, акунаюць у прыемныя ўспаміны аб маладосці. Шмат у нашым горадзе гандлёвых кропак, дзе можна выбраць тавар на свой густ. Добра, што ў апошнія гады актыўна ўзводзіцца жыллё для маладых сем’яў, гэта значыць, што Кіраўск будзе жыць, што тут па-ранейшаму будуць нараджацца і расці дзеці!
Жадаю кіраўчанам дабрабыту і шчасця: калі мы і надалей будзем клапаціцца аб сваім горадзе, старацца ўнесці свой уклад у яго добраўпарадкаванне, усё у нас будзе добра!

Вікторыя ЛІТВІНКА, другі сакратар РК ГА “БРСМ”, маладая мама:
— Ведаеце, чым даўжэй жывеш у Кіраўску, тым больш радуецца душа! Наш гарадок з кожным годам усё прыгажэе і прыгажэе: будуецца жыллё, добраўпарадкоўваюцца вуліцы і, што немалаважна, месцы адпачынку, гарадскі стадыён, дзе нават з’явілася футбольная пляцоўка са штучным пакрыццём. У Кіраўску я нарадзілася, вырасла, вучылася ў школе, тут сустрэла сваё каханне, стварыла сям’ю, на свет з’явіўся наш сыночак, разам з мужам пабудавалі кватэру.
Прыемна, што ёсць дзе адпачыць з дзіцяці, любім гуляць ля фантана, у гарадскім парку. Добра, што ў райцэнтры наладжваюцца дзіцячыя святы, прадстаўленні, канцэрты.
Думаю, што на гэтым мы не спынемся, што наш любімы Кіраўск і далей будзе прыгажэць, добраўпарадкоўвацца, жыць тут будзе ўсё больш цікава і прыемна!

Марына ЛІЗУНОВА, 24 гады:
— Відавочна, што за апошняе дзесяцігоддзе Кіраўск змяніўся ў лепшы бок, стаў больш утульным і камфортным для жыцця. Каб гэта запрыкмеціць, дастаткова прайсціся ўздоўж вуліцы Гагарына: добраўпарадкаваныя жылыя дамы, будынкі ўстаноў, прадпрыемстваў і арганізацый, арыгінальна аформленыя клумбы. А чаго варта наша рэканструяваная аўтастанцыя! Шмат год кіраўчане чакалі, калі ж яна набудзе адпаведны сучасны выгляд. Думаю, вынікам усе засталіся задаволены.
Увагі заслугоўвае і новы будынак райаддзела па надзвычайных сітуацыях, узведзены, як гаворыцца, “з нуля”, на пустым месцы. Лічу, што яго небезпадстаўна можна лічыць сапраўдным упрыгожаннем Кіраўска, а калі ўязджаць у райцэнтр з боку Магілёва — візітнай карткай.
Хочацца пажадаць кіраўчанам дабрабыту і шчасця, мы павінны берагчы наш маленькі ўтульны гарадок, трымаць яго ў чысціні, рабіць яшчэ больш прыгожым!

Арсен ХАЛАТАЎ, індывідуальны прадпрымальнік:
— Пераменам да лепшага, якія адбыліся ў нашым горадзе і якія, думаю, назіраюць кожны кіраўчанін, а таксама прыязджаючыя ў райцэнтр па справах і за пакупкамі вяскоўцы, нельга не радавацца: Кіраўск нібы памаладзеў! Прывабнасці ў абліччы дадалі новабудоўлі, тратуары, цяністыя скверы і пярэстыя кветнікі. Немалаважны штрых сучаснага гарадскога інтэр’еру — абноўленыя аб’екты звыклага кааператыўнага гандлю, а таксама і зусім новыя, узнікшыя ў выніку развіцця індывідуальнага прадпрымальніцтва, як ГЦ “Кіраўчанка”. Зусім хутка прыме сваіх наведвальнікаў і рэканструяваны гарадскі рынак з яго ўтульнымі і зручнымі як для прадаўцоў, так і для пакупнікоў павільёнамі. Сёлета, у Год прадпрымальнасці, гэта бачыцца вельмі сімвалічным.

Уладзіслава САКАЛОЎСКАЯ, вучаніца гімназіі г.Кіраўска:
— Гэты год для мяне і маіх аднакласнікаў адметны: як і наш горад, мы адзначым свой 10-ты дзень нараджэння. А яшчэ ў бліжэйшы час нам давядзецца трымаць экзамены, каб паступіць у гімназію г.Кіраўска і насіць ганаровае званне «гімназіст».
Я вельмі люблю свой горад, ён такі прыгожы і ўтульны. Мне з сябрамі цікава назіраць за насельнікамі птушніка ў гарадскім парку, ласавацца марожаным у кафэ «Ля фантана», а таксама скакаць на батуце. Усё гэта вельмі весела!
Хацелася б, калі стану дарослай, застацца жыць і працаваць у нашым горадзе.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.