Лета — для адпачынку і карыснай працы

Па традыцыі, напярэдадні заканчэння навучальнага года на базе рэдакцыі сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы райвыканкама праводзіцца “прамая тэлефонная лінія” па пытаннях часовай працоўнай занятасці і летняга адпачынку навучэнцкай моладзі. Такая “прамая лінія” прайшла і 24 мая. На пытанні адказвалі: начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Г.П.Слабоднікава, першы сакратар РК ГА “БРСМ” А.В.Осіпава, галоўны спецыяліст абласнога ўпраўлення рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Т.А.Капцеева, намеснік дырэктара ДЮСШ па асноўнай дзейнасці В.В.Разумейка, галоўны спецыяліст сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Н.Г.Тропіна.
— Я — пенсіянерка, але працую. Ці магу я ўзяць для свайго ўнука пуцёўку ў кругласутачны лагер?
— Набыць пуцёўку ў лагер для дзіцяці маюць магчымасць толькі бацькі, калі звернуцца ў камісію па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па месцы сваёй работы.
— Ці ёсць магчымасць у школьнікаў на летніх канікулах заняцца нейкай карыснай працай і падзарабіць?
— Так, для арганізацыі другаснай занятасці школьнікаў сектарам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама плануецца выдзеліць 47 млн.руб. Мяркуецца, што 75 навучэнцаў Жыліцкага сельгаскаледжа будуць займацца пашывам камплектаў пасцельнай бялізны на базе каледжа, брыгада гімназіі з 12 вучняў зоймецца рамонтам школьнай мэблі і добраўпарадкаваннем тэрыторыі, брыгада вучняў з 8 чалавек — пашывам камплектаў пасцельнай бялізны, хустак на базе Цэнтра пазашкольнай работы.
У навучэнцкай моладзі ад 16 да 18 гадоў ёсць магчымасць падзарабіць на відавой праполцы палеткаў РАПТЗ: жадаючым неабходна звяртацца ў сектар занятасці.
— Калі наша дачка ў перыяд навучальнага года пабывала ў дзіцячым санаторыі, ці можам мы адправіць яе ў летні аздараўленчы лагер?
— На працягу года працуючыя бацькі маюць права накіраваць сваіх сына ці дачку ў дзіцячы санаторый, а падчас летняй аздараўленчай кампаніі дзіцяці можа наведваць школьны лагер з дзённым знаходжаннем і паехаць у лагер з кругласутачным знаходжаннем.
— Наш сын займаецца ў ДЮСШ. Раней летам ад спартшколы працаваў аздараўленчы лагер. Ці будзе ён дзейнічаць сёлета?
— Выхаванцы ДЮСШ з горада і раёна могуць адпачыць і ўдасканаліць свае спартыўныя навыкі ў лагеры з дзённым знаходжаннем: запланавана 50 пуцёвак на чэрвень і 50 — на жнівень. Пры ДЮСШ таксама на працягу летняга сезону будзе працаваць некалькі змен перасовачнага лагера, увогуле такім адпачынкам будзе ахоплена 200 чалавек. Усе жадаючыя рабяты могуць штодзённа прыходзіць на гарадскі стадыён і займацца рознымі відамі спорту, якія ім па душы.
— Ці будуць у раёне ў перыяд летніх канікулаў працаваць будатрады?
— На базе УКП “Жылкамгас” будаўнічы атрад ліцэя №15 з дзесяці чалавек будзе выконваць работы па добраўпарадкаванні горада. Два будатрады Жыліцкага сельгаскаледжа па 11 чалавек будуць працаваць на базе РУП “Жылічы” і займацца зборам яблыкаў. А таксама каледжаўцы будуць займацца ўздымам ільнотрасты на палетках ААТ “Кіраўск-Лён”.
На “прамой лініі” дзяжурыла
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.