Светлы і чысты, як ветразь надзеі, горад вясны маёй…

4 чэрвеня споўніцца 10 гадоў з дня, калі мы з вамі, шаноўныя кіраўчане, сталі гараджанамі. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №832 ад 4 чэрвеня 2001 года гарадскі пасёлак Кіраўск быў аднесены да катэгорыі гарадоў раённага падпарадкавання. У гэтым жа годзе, у Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у скверы каля аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака ў гонар утварэння Кіраўскага раёна і прысваення нашаму раённаму цэнтру статусу горада.
За мінулае дзесяцігоддзе Кіраўск значна папрыгажэў, стаў больш утульным і добраўпарадкаваным, прырос вялікай колькасцю жылых дамоў, “апрануўся” ў тратуарную плітку. Пасля рэканструкцый і рамонтаў сталі сучасна выглядаць адміністрацыйныя будынкі, гандлёвыя кропкі, а таксама з’явіліся новыя. Такія кардынальныя змены адбыліся, дзякуючы самаадданай, плённай працы кіраўчан. Насельніцтва горада, па становішчу на 1 студзеня 2011 года, складае 8768 чалавек: кіраўчане любяць свой горад, адданыя яму і ахвотна прызнаюцца ў гэтым.

31 мая ва ўсіх школах раёна з нагоды заканчэння чарговага навучальнага года прайшло свята апошняга школьнага званка. Пануючая на іх атмасфера ўрачыстасці і прыўзнятага настрою міжволі перамяжоўвалася з ноткамі лёгкага суму ад расставання са школай, сябрамі і настаўнікамі. Асабліва хвалюючым свята было для выпускнікоў, а сярэднюю школу сёлета заканчваюць 132 адзінаццацікласнікі, базавую — 227. Для астатніх жа 1868-мі рабят свята апошняга школьнага званка азначала адно — пачатак доўгачаканых летніх канікулаў. А аб тым, каб яны былі цікавымі, карыснымі і бяспечнымі, паклапаціліся дарослыя. Ужо з першых дзён канікулаў распачалі сваю работу летнія школьныя аздараўленчыя лагеры і пляцоўкі. Такіх у раёне 17: 14 — з дзённым знаходжаннем і 3 —профільныя. Мяркуецца, што тут за лета адпачнуць і паправяць сваё здароўе 760 школьнікаў.
А вучням выпускных класаў не да расхалоджвання, бо не паспелі адгучаць віншаванні з нагоды апошняга званка, як літаральна назаўтра рабяты зноў селі за парты: пачаліся школьныя выпускныя экзамены. І яны — толькі першая прыступка на нялёгкім і цярністым шляху да абранай прафесіі, бо наперадзе — праходжанне цэнтралізаванага тэсціравання, уступныя іспыты. Пажадаем жа рабятам плёну і поспехаў на гэтым шляху!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.