У следства ідуць знатакі

З дня ў дзень злачыннасць ва ўсім свеце становіцца ўсё больш вынаходлівай і вытанчанай. Менавіта таму работа органаў следства павінна весціся на высокім інтэлектуальным узроўні. Сучасны следчы павінен валодаць глыбокімі ведамі не толькі ў сферы заканадаўства. Яму трэба быць і псіхолагам, і аналітыкам, і стратэгам, шырыня кругагляду якога дазволіць вылічваць і расшыфроўваць самыя заблытаныя са злачынных схем і камбінацый. Дзень утварэння падраздзяленняў папярэдняга следства — знамянальная дата для прафесіяналаў, якія выконваюць не самую лёгкую работу. Тых, хто пастаянна сутыкаецца са злачынствамі рознага роду, на чыіх плячах ляжыць абавязак расследаваць і даказаць віну абвінавачваемых.
Падраздзяленне папярэдняга следства райаддзела ўнутраных спраў прадстаўляюць тры следчых, дзейнасць якіх каардынуе начальнік падраздзялення маёр міліцыі І.М.Савельева-Чмара. Ірына Мікалаеўна — самы вопытны супрацоўнік следства: у органах унутраных спраў яна 11-ы год. Несумненна, для работы следчым трэба мець асаблівы склад розуму і характару. Атрымаць юрыдычную адукацыю можа любы разумны і абучаемы чалавек, а вось быць следчым падуладна далёка не кожнаму. У гэтай жанчыны, дзякуючы асабістым якасцям і пастаяннаму самаўдасканаленню сваіх ведаў і навыкаў, атрымліваецца расследаваць найбольш складаныя і заблытаныя крымінальныя справы, звязаныя з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў і абаротам наркотыкаў.
Старшы следчы капітан міліцыі Ю.Г.Бяляўскі спецыялізуецца на расследаванні крымінальных спраў, учыняемых групай асоб і непаўналетнімі. Юрый Генадзьевіч у прафесіі — з 2003 года. Добра валодае мастацтвам допыту, асноўнымі навыкамі следчага, з’яўляецца выдатным псіхолагам. Прыродная скрупулёзнасць і звычка дэталёва падыходзіць да расследавання кожнай справы, дапамагае яму дасягаць высокіх вынікаў у рабоце.
Крымінальныя справы, звязаныя з учыненнем дарожна-транспартных здарэнняў і парушэннямі прыродаахоўнага заканадаўства, а таксама якія ўчыняюць раней судзімыя асобы, — у кампетэнцыі следчага старшага лейтэнанта міліцыі А.С. Маркевіча. Прафесійны шлях у райаддзеле Аляксандр Сяргеевіч пачаў у 2007 годзе, адразу ж пасля заканчэння Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Зарэкамендаваў сябе адказным работнікам, актыўна пераймае вопыт старэйшых калег, імкнецца да самаўдасканалення і ўжо можа падзяліцца сваімі ведамі з маладымі супрацоўнікамі, як следчы А.П.Гуцікава. Асвойваць прафесію следчага Анастасія Пятроўна пачала з сакавіка бягучага года, без адрыву ад працы павышае сваю адукацыю ў Мінскім універсітэце ўпраўлення і прадпрымальніцтва.
Разважаючы аб сваёй прафесіі, следчыя РАУС адзначаюць: сапраўдны следчы — той, хто ўмее захаваць прыстойнасць у любых абставінах, валодае аналітычным складам розуму і ўстойлівай псіхікай.
Аляксандр ПАТАПЕНКА, намеснік начальніка РАУС,
капітан міліцыі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.