Юныя веласіпедысты — лідары ў рэспубліцы

З калекцыяй медалёў вярнуліся кіраўскія юныя веласіпедысты з VІ рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў 1996 года нараджэння і маладзей, якія прадстаўлялі на ёй Магілёўскую вобласць. Але галоўнае — упершыню ў гісторыі спаборніцтваў каманда Магілёў-шчыны заняла І месца!
Гэта адметна і прыемна ўдвая, бо менавіта выхаванцы нашай ДЮСШ складалі касцяк зборнай: у камандзе хлопчыкаў было двое кіраўчан: Сяргей Котаў з Паўлавіцкай СШ і Канстанцін Бяляўскі з Мышкавіцкай СШ (яшчэ чацвёра веласіпедыстаў былі з Магілёва), а ў камандзе дзяўчынак наогул былі толькі нашы дзяўчаты: Таццяна Кобазава, Марына Кучынская і Марыя Рудак з Мышкавіцкай СШ і Надзея Свіркова з гімназіі Кіраўска. Рыхтавалі зборную да спаборніцтваў трэнеры нашай ДЮСШ Сяргей Клімовіч і Юрый Цішкоў. А трэніровачныя зборы праходзілі на турысцка-спартыўнай базе “Барсукі”.
У праграму спартакіяды ўваходзілі 4 віды: індывідуальная гонка на час, камандная гонка, групавая гонка з агульным стартам і гонка-крытэрыум.
Першыя два медалі ў капілку зборнай трапілі пасля індывідуальных гонак, іх прынеслі магіляўчанін Раман Маркаў (2-е месца) і наша Марына Кучынская (3-е месца). Ачкі ў агульны залік прынёс таксама Сяргей Котаў.
У камандных гонках дзяўчаты заваявалі “серабро”, хлопцы — “бронзу”, хаця пры больш спрыяльнай раскладцы маглі і тыя, і другія ўзяць “золата”.
У групавай гонцы сярэбранымі прызёрамі сталі Марына Кучынская і Сяргей Котаў. Заліковыя ачкі прынеслі таксама Марыя Рудак і Таццяна Кобазава.
У заключнай гонцы-крытэрыуме каманда Магілёўшчыны зноў не засталася без медалёў: трэцяе месца заваявала Марына Кучынская. У юнакоў заліковыя ачкі здабылі Сяргей Котаў і Раман Маркаў.
Такім чынам, па суме набраных ачкоў зборная Магілёўскай вобласці стала пераможцай. Паралельна з гэтым пяцёра нашых веласіпедыстаў — Марына Кучын-ская, Марыя Рудак, Таццяна Кобазава, Надзея Свіркова і Сяргей Котаў — выканалі нарматыў кандыдатаў у майстры спорту.
Але нашы спартшколаўцы не расслабляюцца. Наперадзе — новыя адказныя старты, і бліжэйшы з іх — спартакіяда спартыўных школ на трэку, якая пройдзе ў жніўні ў Мінску. Настроены кіраўчане па-баявому!
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.