25 ліпеня — Дзень пажарнай службы

Здабываць агонь і раскладваць вогнішча нашы продкі навучыліся са старажытных часін. Першабытныя людзі адразу ж зразумелі, як выкарыстоў-ваць гэтую прыродную з’яву з карысцю: у першую чаргу, гатаваць ежу і абаграваць жытло. У той жа час разам з карысцю агонь нясе і вялікую небяспеку: валодае моцнай разбуральнай сілай, за кароткі тэрмін можа ператварыць буйную тэрыторыю ў змярцвелую пустыню. Весці барацьбу з вогненнай стыхіяй складана. Гэта падуладна толькі смелым і вынослівым людзям, якія дзеля выратавання жыцця іншых не баяцца кінуцца ў абдымкі знішчаючага полымя…
Аб буднях пажарных Кіраўшчыны рассказвае начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях капітан унутранай службы Дзмітрый Анатольевіч РОШЧЫН:

Аб становішчы
з пажарамі ў раёне

— У пачатку года становішча з пажарамі і гібеллю ў іх людзей было даволі складаным. У суадносінах з папярэднім годам назіраўся рэзкі рост іх колькасці. У першых месяцах ахвярамі агню сталі тры жыхары нашага раёна. Крыўдна, што яны пазбавіліся жыцця з-за асабістай неасцярожнасці, недзе абыякавасці, недобрасумленнасці. Непапраўную ролю ў іх лёсах адыграў алкаголь. Важна, каб нашы суайчыннікі разумелі, што даражэй за здароўе і жыццё не можа быць нічога, а тым больш чарка гарэлкі.
Дзеля паніжэння колькасці агнявых трагедый у маі мы праводзілі дэкаднік прафілактыкі пажараў у жылым фондзе. Напружаная работа прынесла свой плён: за час правядзення дэкадніка не адбылося ніводнага пажара.
Зараз становішча з пажарамі паступова стабілізуецца. Іх стала менш, але ж, на жаль, жыццяў трох чалавек ужо ніколі не вернеш…
Аб метадах
прафілактычнай работы

— Пажарныя не толькі тушаць узгаранні і ліквідуюць надзвычайныя сітуацыі, але яшчэ наладжваюць маштабную прафілактычную работу. Сіламі афіцэрскага саставу, начальнікамі пастоў праводзіцца абследаванне жылога сектара. Мы наведваем дамы, указваем на парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, якія просім абавязкова выправіць, а таксама выдаём папярэджванні і прадпісанні на штраф. Трэба разумець, што грашовае пакаранне — гэта мера для таго, каб чалавек задумаўся, што лепш не дапусціць узгарання і захаваць свой дом, чым потым наогул пазбавіцца яго, альбо, не дай Бог, загінуць. Многія грамадзяне лічаць, што парушэнні, на якія ўказваюць нашы супрацоўнікі, не такія ўжо і сур’ёзныя, але ж для ўзнікнення вялізнай бяды часам хапае маленькай іскры. Мы не прыдумваем правілы пажарнай бяспекі, усе яны напісаны лёсамі іншых людзей.
На жаль, практыка паказвае, што, каб засцерагчы нашых суайчыннікаў ад трагедый, трэба прымаць больш строгія меры. Максімальны памер штрафу за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі для фізічных асоб дасягае 30 б.в. Лічу, тут ёсць падстава задумацца. Той чалавек, які клапоціцца аб сабе і блізкіх, з’яўляецца сапраўдным гаспадаром у сваім доме, безумоўна, выправіць недапрацоўкі і будзе засцярожаны ад агню. Культура жыцця залежыць, перш за ўсё, ад нас саміх.
Аб прафесіі
— Выратавальнікі-пажарныя — гэта звычайныя людзі, праўда, вылучаюцца пэўнымі фізічнымі дадзенымі і маральна-псіхалагічнымі якасцямі. Асноўнае патрабаванне, якое прад’яўляецца да нас — моцнае здароўе. Каб змагацца з агнём, трэба шмат ведаць, шмат умець, быць добра падрыхтаваным да таго, што ў любы момант — і днём, і ўначы можа здарыцца бяда, спатрэбіцца дапамога.
Прафесія, безумоўна, звязана з высокай рызыкай для жыцця пажарных. Кожны год па ўсёй краіне пры лакалізацыі і ліквідацыі ўзгаранняў і надзвычайных сітуацый гінуць нашы калегі. Каб гэтага не дапускаць, выратавальнікі-пажарныя павінны ўмець цвяроза ацэньваць сітуацыю, разумець сутнасць сваіх учынкаў. Так, кіраўнік працэсам тушэння пажару адказвае не толькі за яго паспяховую ліквідацыю, але і за жыццё і здароўе сваёй каманды. Дарэчы, працаваць выратавальнікі-пажарныя могуць толькі ў камандзе, бо, як гаворыцца, адзін ў полі — не воін.
Адну са сваіх задач, як кіраўніка райаддзела, бачу ў тым, каб захоўваць у падначаленых пачуццё свайго пляча, таварыскасці, узаемавыручкі. Разам мы выконваем агульную карысную для грамадства справу — змагаючыся з вогненнай стыхіяй, выратоўваем людзей і іх маёмасць.
Падрыхтавала
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.