Адпачынак — са спартыўным запалам!

Школьныя канікулы ў самым разгары. На працягу ўсяго лета на базе Кіраўскай ДЮСШ працуюць спартыўна-аздараўленчыя лагеры — з дзённым знаходжаннем і перасовачныя кругласутачныя.
Зараз аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем наведваюць 70 хлопчыкаў і дзяўчынак, яшчэ столькі ж рабят адпачнуць у жніўні.
Дзень у лагеры пачынаецца з 9 гадзін ранку. Спецыялісты ўстановы праводзяць з дзецьмі трэніроўкі па розных відах спорту: футболе, валейболе, цяжкай атлетыцы. З задавальненнем рабяты адпрацоўваюць навыкі заняткаў турызмам і веласпортам.
Затрачаныя на трэніроўкі фізічныя сілы рабяты падмацоўваюць сытным і смачным абедам, які для іх гатуюць павары кафэ “Спатканне”.
Пасля абеда, хлопчыкі і дзяўчынкі адпачываюць у сваё задавальненне: наладжваюць спаборніцтвы па шашках і шахматах, катаюцца на роліках і інш.
Адначасова пры ДЮСШ працуюць перасовачныя лагеры. Адпачываючыя ў іх рабяты наладжваюць паходы і экскурсіі па маляўнічых мясцінках Кіраўшчыны, начуюць на свежым паветры — у палатках, альбо на турыстычнай базе ў Барсуках. Падчас такога адпачынку яны не проста прыемна праводзяць час, але і вучацца правільна паводзіць сябе на прыродзе, арыентавацца на мясцовасці.
Плануецца, што за бягучае лета ў спартыўна-аздараўленчых лагерах ДЮСШ адпачнуць больш за 300 дзяцей з усяго раёна.
Яўгенія
КАРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.