З 2009 года ў Кіраўску вядзецца будаўніцтва сетак і збудаванняў гаспадарча-пітнога водазабеспячэння. Гараджан цікавіць, калі аб’ект будзе гатовы да здачы ў эксплуатацыю, а ў дамы і кватэры пачне паступаць вада належнай якасці.
Вада адыгрывае надзвычай важную ролю ў жыцці чалавека, жывёльнага і расллінага свету. Дзеяздольнасць усіх жывых клетак звязана з наяўнасцю ў іх вады. Чым вышэй яе якасць, тым мацней здароўе чалавека. У Беларусі дастаткова вялікая ўвага надаецца забеспячэнню насельніцтва пітной вадой высокай якасці. З 2006 года рэалізуецца Дзяржаўная праграма па водазабеспячэнні і водаадвядзенні “Чыстая вада”. Рэалізацыя мерапрыемстваў дадзенай праграмы садзейнічае развіццю сістэм пітнога водазабеспячэння, павышэнню якасці падаваемай спажыўцам пітной вады і ачыстцы адводзімых сцёкавых вод, паляпшэнню абароны падземных і павярховых крыніц пітнога водазабеспячэння ад забруджвання.
Па падліках вучоных, для нармальнай работы ўсіх сістэм арганізма чалавеку неабходна штодзень ужываць як мінімум 1,5 літра вады. Кіраўчане спажываюць каля 1000 кубаметраў у суткі, а ў спякотнае надвор’е — каля 1400 кубаметраў (улічваючы гаспадарчыя патрэбы). У Кіраўску канцэнтрацыя жалеза ў прыроднай вадзе перавышае дапусцімыя санітарнымі нормамі межы па яго ўтрыманні. Гэта стала адной з падстаў уключэння нашага райцэнтра ў план мерапрыемстваў рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Чыстая вада”.
У 2009 годзе ў Кіраўску распачалося будаўніцтва сетак і збудаванняў гаспадарча-пітнога водазабеспячэння магутнасцю 2000 кубаметраў вады ў суткі. На вул.Пятрушы пабудаваны водазабор з лакальнай станцыяй абезжалезьвання, здольны перапрацоўваць 500 кубаметраў вады ў суткі. Дадзены аб’ект ужо здадзены ў эксплуатацыю, але не задзейнічаны на ўсю магутнасць. Мяркуецца, што працаваць з поўнай сілай водазабор будзе пасля таго, як пачне дзейнічаць асноўны масіў гідразбудавання, размешчаны ў раёне Селіцкага возера. Зараз на гэтым аб’екце будуецца водазабор магутнасцю 1500 кубаметраў вады ў суткі са станцыяй абезжалезьвання аднаго і двух узроўняў пад’ёму (яе будаўніцтва ўжо завершана). Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама В.В.Нявінскі, на дадзены час прабураны 2 свідравіны глыбінёй 120 метраў, актыўна вядуцца работы па ўзвядзенні адміністрацыйна-бытавога будынка, добраўпарадкаванні тэрыторыі аб’екта, уладкаванні пад’язной дарогі ад вул.Валадарскага да водазабора і размеркавальных водных сетак па тэрыторыі райцэнтра.
Згодна плана дзяржпраграмы, рэалізацыя праекта ў нашым райцэнтры, задача якога — забяспечыць надзейную і бесперабойную дастаўку вады належнай якасці кіраўчанам, павінна быць завершана ў бягучым годзе, а, значыць, нашы мары аб чыстай вадзе хутка стануць рэальнасцю.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Будзем спажываць чыстую ваду
Пятница, 15.07.2011 12:05. Рубрика: Без рубрики