Будзем жыць і сустракаць світанкі, верыць і любіць!..

Галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь было адзначана ў нашым раёне ўзнёсла і ўрачыста. У цэнтры ўвагі на ўсіх мерапрыемствах былі ветэраны вайны: гэта дзякуючы і іх ратнаму подзвігу, мы 67 гадоў жывем у мірнай краіне, свабоднай і незалежнай!
Нібы аплакваючы тых, хто загінуў у жорсткай барацьбе з ворагам на шляху да Вялікай Перамогі, з раніцы ішоў дождж, а да пачатку ўрачыстага мітынгу, які, па традыцыі, адбыўся ля брацкай магілы воінаў і партызан на вул. Гагарына райцэнтра, выглянула сонейка, каб вітаць кіраўчан з новым мірным днём. І вітала ветэранаў вайны, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь, гасцей.

Як мы паведамлялі, на ўрачыстасці з нагоды Дня Незалежнасці ў раён прыбылі дэлегацыі расіян: Белгародскага раёна і Бранскай сельгасакадэміі. І гэта глыбока сімвалічна: у суровыя ваенныя часіны шматнацыянальны савецкі народ з’яднаўся ў барацьбе з ворагам і разам заваяваў Перамогу, і сёння братнія народы звязваюць цесныя вузы дружбы і супрацоўніцтва.
Старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў, звяртаючыся з прамовай да прысутных, нагадаў этапы вызвалення Кіраўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, мірнай працы па аднаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі і засяродзіў агульную ўвагу на тым, што і сёння ў няпростых сітуацыях мы чэрпаем сілы ў бясцэнным вопыце таго часу. Гістарычныя падзеі прымушаюць нас атрымліваць сур’ёзныя ўрокі і памятаць аб тым, што клопат аб бяспецы краіны — гэта важнейшая задача як кіраўніцтва дзяржавы, так і ўсіх грамадзян.
“Сёння мы жывем у няпросты час, — адзначыў У.У.Піскіжаў, — але я ўпэўнены, што любыя цяжкасці мы пераадолеем і дастойна вытрымаем выпрабаванні, бо наша сіла — у вернасці традыцыям пакалення пераможцаў, у адзінстве і згуртаванасці нашага грамадства”.
Кіраўнік раёна ад імя раённага выканаўчага камітэта і сябе асабіста павіншаваў усіх са святам і выказаў самыя найлепшыя пажаданні, а ветэранам вайны — глыбокую ўдзячнасць за Вялікую Перамогу!
У сваім выступленні на мітынгу ветэран Вялікай Айчыннай вайны Р.І. Куцілкін падкрэсліў, што героі тых гадоў і сёння жывуць у нашай памяці, аб іх мужнасці з удзячнасцю ўспамінае сучаснае пакаленне і на слаўных баявых і працоўных традыцыях выхоўвае нашу моладзь. Рыгор Іванавіч лічыць галоўным, што нягледзячы ні на якія цяжкасці ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, беларусы не счарсцвелі душой і не згубілі сваёй нацыянальнай самасвядомасці.
Самыя шчырыя і цёплыя віншаванні выказаў кіраўчанам ад імя працаўнікоў Белгародскага раёна Кіраўнік яго адміністрацыі С.І.Цюцюноў. Ён нагадаў, што цесныя вузы дружбы вось ужо шаснаццаць гадоў звязваюць белгародцаў і кіраўчан. “Мы ганарымся вашымі дасягненнямі, вашымі працоўнымі поспехамі, — адзначыў С.І.Цюцюноў. — Дзеці з Белгародскага і Кіраўскага раёнаў разам праводзяць летнія канікулы, кіраўнікі абменьваюцца вопытам работы, і мы ўпэўнены, што гэтае су-працоўніцтва будзе працягвацца і далей. Няхай заўжды будзе мірнае неба над намі!”
Абяцанне прымножыць здабыткі Радзімы, забяспечваючы тым самым яе свабоду і незалежнасць, выказала ад імя маладога пакалення раёна Ганна Русецкая, вучаніца гімназіі, пераможца раённай алімпіяды па беларускай мове, прызёр конкурсу мастацкай творчасці “Дзень добры, свет!”.
…Прыспушчаны сцягі, метраном адлічвае хвіліны — прысутныя ўшаноўваюць памяць загінуўшых мінутай маўчання. Гучаць залпы ваеннага салюта. Да брацкай магілы ўскладаюцца вянкі і кветкі.
Далей святочная калона на чале з эскортам “Волг”, месцы ў якіх былі прапанаваны ветэранам, пад марш духавога аркестра рушыла па вуліцы імя Кірава да раённага Дома культуры, дзе працягваліся ўрачыстасці святочнага дня.
Канцэртная праграма “Свобода Родины для всех навеки свята!” доўжылася на працягу дзвюх гадзін.
Працягваючы слаўныя традыцыі папярэдніх пакаленняў, кожны год на службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь ідуць і юныя сыны Кіраўшчыны. На службу ў армію прызыўнікоў 2011-га года з гонарам праводзілі матулі, дзяўчаты і сябры, а таксама ўсе прысутныя.
(Працяг матэрыяла ў №54 ад 5 ліпеня 2011 г.).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.