Дзіцячыя гульні… на могілках

Некаторым бацькам ва ўмовах нашага імклівага жыцця складана знаходзіць час на добрасумленнае выхаванне сваіх сыноў і дачок. Запрыкмечана, што сучасныя дзеці рана становяцца дарослымі. З малога ўзросту яны вучацца клапаціцца аб сабе, самастойна рыхтуюць урокі, выбіраюць сабе сяброў і месцы для гульні. Часам занадтая дзіцячая самастойнасць прыводзіць да не зусім станоўчых вынікаў…
…Так адбылося ў трох сем’ях жыхароў аграгарадка Барсукі. Пакуль бацькі займаліся сваімі дарослымі справамі, іх сыны вырашылі пабавіць вольны час… на могілках. Пазней, калі ў хлопчыкаў запыталіся, а навошта ж было ісці менавіта туды, адказы пачулі розныя: “наведаць магілкі родных”, “сабраць цукерак” і проста — “пагуляць захацелася”. Дзіцячыя гульні абярнуліся адчувальным матэрыяльным і маральным уронам для іх аднавяскоўцаў. У працэсе “гульні” рабяты пашкодзілі некалькі магіл і помнікаў на іх. Па прычыне непаўналетнасці хлопчыкаў адказнасць за гэты ўчынак нясуць іх бацькі, згодна арт. 9.4 “Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей” Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь.
Адміністрацыйныя пратаколы ў адносінах бацькоў хлопчыкаў разглядаліся падчас сумеснага выязнога пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама і каардынацыйнага савета па праблемах сям’і, аховы мацярынства і дзяцінства, вядзенні здаровага ладу жыцця, якое праходзіла ў Барсукоўскім сельскім клубе.
У ходзе гутаркі з дзецьмі і іх матулямі члены камісіі прыйшлі да высновы, што ўчынак хлопчыкаў — гульня на могілках — утрымлівае ў сабе прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння, і дапушчаны менавіта з-за недобрасумленнага выканання бацькамі абавязкаў па іх выхаванні. Занятыя сваімі штодзённымі справамі і клопатамі, матулі забыліся, што ўвага вельмі важная для іх падрастаючых сыноў, што часцей трэба цікавіцца, з кім сябруюць дзеці, дзе і як гуляюць, аб чым мараць, у чым маюць патрэбу…
Згодна дзеючага заканадаўства, у дадзеным выпадку для бацькоў прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры да 10 б.в. альбо папярэджванне (тое ж дзеянне, учыненае паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне, прадугледжвае штраф у памеры ад 10 да 20 б.в.).
Члены камісіі аднадушна прынялі рашэнне вынесці бацькам хлопчыкаў папярэджванні і параілі ім, нягледзячы ні на якія жыццёвыя цяжкасці, больш уважліва ставіцца да сваіх дзяцей, не рабіць іх дарослымі і самастойнымі занадта рана, дазволіць як мага больш знаходзіцца ў цудоўнай і непаўторнай краіне дзяцінства. Падчас летніх канікулаў, калі ў рабят шмат вольнага часу, прапанавалі актыўней займаць іх гаспадарскімі справамі, разам хадзіць за грыбамі і ягадамі, на школьны стадыён. А як выйсце з сітуацыі, калі наладзіць бацькоўскі нагляд за дзецьмі ну зусім немагчыма, прапанаваць дзецям выкарыстоўваць для сваіх гульняў базу адпачынку Кіраўскай ДЮСШ, якая знаходзіцца прама ў цэнтры Барсукоў.
Падчас выязнога пасяджэння былі таксама разгледжаны пытанні арганізацыі міжведамаснай работы з сацыяльна-небяспечнымі сем’ямі; магчымыя шляхі паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі на тэрыторыі Паўлавіцкага сельсавета; метады прафілактычнай работы распаўсюджвання хвароб, якія перадаюцца палавым шляхам, ВІЧ-інфекцыі, наркаманіі і іншыя.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.