Гарадскі рынак у новым абліччы

Кожны год добраўпарадкоўваецца шэраг аб’ектаў нашага райцэнтра. Рэканструюцца, набываюць новае аблічча адміністрацыйныя будынкі, магазіны, месцы грамадскага карыстання і адпачынку. Такія перамены не могуць не радаваць кіраўчан. Тое, што наш правінцыяльны гарадок становіцца больш камфортным і ўтульным для пражывання, заўважаюць і яго госці.
На здымку: За прылаўкам — індывідуальны прадпрымальнік Вольга Іваніцкая.

Мабыць, найбольш чаканым на працягу многіх гадоў быў рамонт аўтастанцыі і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол яе. Сапраўдным упрыгожаннем райцэнтра можна лічыць абноўлены летась будынак аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк”, у нас з’явіўся свой гандлёвы цэнтр — “Кіраўчанка”, размешчаны ў рэканструяваным будынку былой друкарні. Неўзабаве, чарга дайшла і да гарадскога рынку. Неабходнасць добраўпарадкавання яго тэрыторыі наспела ўжо даўно. Умовы гандлю не адпавядалі санітарным нормам і патрабаванням. Гаспадарам гандлёвых кропак немагчыма было забяспечыць належны асартымент харчовых тавараў. Дарэчы, менавіта па ініцыятыве індывідуальных прадпрымальнікаў было прынята рашэнне аб добраўпарадкаванні рынку.
Рамонтныя работы праводзіліся амаль год. На гэты перыяд гараджанам давялося крыху пацярпець нязручнасці з-за раскіданых па розных месцах гандлёвых кіёскаў і палатак, занятых імі аўтастаянак, праезнай часткі. Аднак у выніку чаканні кіраўчан апраўдаліся. Цяпер на месцы былых гандлёвых радоў з жалезных ларкоў і палатняных палатак красуюцца акуратныя павільёны, аснашчаныя сучасным гандлёвым абсталяваннем — усяго 46 штук. Большая частка з іх ужо прымае пакупнікоў, у астатніх завяршаецца добраўпарадкаванне ўнутраных памяшканняў.
Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама В.В.Нявінскі, пакуль што выкананы не ўсе запланаваныя работы. Так, тэрыторыя рынку заасфальтавана часткова (для арганізацыі сцёку дажджавых і талых вод), не ўладкаваны пад’езд з боку вул.Савецкай і аўтапаркоўка. Пры наяўнасці дастатковага фінансавання гэтыя работы будуць завершаны ў бягучым годзе.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.