Лабараторыя пад адкрытым небам: плён — відавочны

У сёняшніх няпростых эканамічных умовах кіраўніцтва і калектыў ліцэя № 15 прадпрымаюць дзейсныя захады ў напрамку ўмацавання фінансавага становішча навучальнай установы. Для гэтага спаўна выкарыстоўваюцца магчымасці наяўных пасяўных плошчаў. Аб гэтым — наша размова з дырэктарам ліцэя В.С.Панушковым.
На здымку: Агароднінныя культуры ў працэсе вырошчвання патрабуюць скрупулёзнага клапатлівага догляду. Для таго, каб з вялізных плошчаў, засаджаных агароднінай, атрымаць ураджай адпаведнай вагі, выкарыстоўваецца ручная праца. На базе навучальнай установы сфарміраваны два сельскагаспадарчыя атрады з ліку навучэнцаў. Кожны атрад складаецца з 15 юнакоў і дзяўчат. На чале з майстрамі вытворчага навучання Т.Я.Баўжэвіч, Н.Р.Сулімскай і В.І.Бабровай рабяты займаюцца праполкай пасяўных плошчаў.
.
— Васіль Сцяпанавіч, ведаю, што ва “ўладанні” ліцэя маецца значная колькасць сельгасугоддзяў, і яны сёння даюць сваю аддачу…
— Сказаць, што мы адкрылі, як кажуць у народзе, Амерыку, — будзе, бадай, неправамерна. Мы проста сталі больш эфектыўна выкарыстоўваць тыя рэсурсы, якія меў ліцей і раней. А гэта 100 гектараў зямлі-карміцелькі — і гэта сказана без перабольшвання. Сёння яна нас па-сапраўднаму корміць, і ў гэтым плане разлічваем яшчэ на большае. Для чаго, праўда, даводзіцца прыкласці шмат намаганняў… Але без гэтага — ніяк!
— І што ж сабой уяўляюць сёння гэтыя 100 га?
— На вытворчым участку, які маецца ў распараджэнні ліцэя, шмат земляў выкарыстоўвалася некалі нерацыянальна, некаторыя наогул пуствалі. Зараз ніводны кавалак зямлі не “гуляе”. У нашай своеасаблівай “лабараторыі пад адкрытым небам” — так мы яе назвалі неафіцыйна — сёння вырошчваюцца бульба, агуркі, фасоля, цыбуля, часнок, кабачкі, сталовыя буракі, морква, капуста — усё тое, што заўсёды запатрабавана ў спажыўца. Знайшліся і пакупнікі пасля праведзенай намі грунтоўнай работы, рэкламы сваёй прадукцыі. Адзін з нашых галоўных партнёраў — Кіраўскі кансервавы завод. Тут ахвотна прымаюць нашу агародніну, ёсць заяўкі на пастаўкі яе і далей. Прадуманы і іншыя рынкі збыту: ужо чакаюць прадукцыю ў Быхаве, Асіповічах, Бабруйску, іншых населеных пунктах.
— Хто ж займаецца вырошчваннем названай Вамі шматлікай агародніннай прадукцыі?
— Глянем на нашу “лабараторыю” з некалькіх бакоў. Зразумела, што само на зямлі нічога не расце — патрэбна карпатлівая праца. Сёння многія гавораць пра фінансавы крызіс і таму падобнае. А, між тым, ці не лепш, чым пра яго гаварыць, праявіць кемлівасць, заняцца сапраўднай справай і зарабіць грошы? Вось, як, да прыкладу, нашы работнікі і навучэнцы. Менавіта яны ў асноўным даглядаюць пасевы. Механізавана наяўнай ва ўстанове тэхнікай былі ўнесены ўгнаенні, пакладзена ў глебу насенне, апрацаваны ўсходы. Але ж на многіх участках без ручной працы не абысціся. Педагогі, майстры вытворчага навучання, тэхперсанал, навучэнцы добра гэта разумеюць. Зараз ідзе сезон праполак. Частыя своечасовыя дажджы не могуць не радаваць: чакаецца багаты ўраджай. Але ж “гоніць” у рост і траву… Таму калектыў паралельна са сваімі непасрэднымі абавязкамі актыўна працуе на праполцы культур ад пустазелля. Штодзень — па 60-80 чалавек. Вялікі дзякуй ім за гэта! Прыходзяць уранні і надвячоркам, каб не даймала дзённая спёка. Прыходзяць падчас летніх водпускаў. Вядома ж, не бясплатна! Работа на ліцэйскіх палетках — гэта дадатковы заробак для кожнага, хто на ёй заняты.
— Пэўна, карысць ёсць ад працэсу і для навучэнцаў — будучых працаўнікоў палёў?..
— Над гэтым працэсам задумваюцца і яны — удзельнікі сельскагаспадарчых атрадаў — будучыя аграрнікі. Важныя ж не проста праполка ці паліў сельгаскультур, а ўвесь працэс вырошчвання, размеракаванне іх у севазвароце і шмат чаго іншага… Магчыма, а, веру — так яно і будзе — хтосьці з іх у будучым захоча заняцца фермерскай справай. Азы яе яны спаўна могуць спасцігнуць на ліцэйскіх палетках.
— Хацелася б, каб Вы расказалі пра тую выгоду, якую мае ўстанова ад вырошчвання сельгаспрадукцыі.
— Шмат сёння гаворыцца пра імпартазамяшчальную прадукцыю. Вось якраз у гэтым накірунку мы і працуем. Летась (а фактычна гэта былі першыя плады збыту вырашчаных ураджаяў) мы атрымалі каля 177 млн. руб. Толькі часнок нам прынёс каля 20 тыс. долараў прыбытку. І гэта пры тым, што толькі “набівалі руку”, у нейкай ступені вучыліся… Гэтыя сродкі вельмі спатрэбіліся. Мы зрабілі за ўласны кошт капітальны рамонт сталовай, закуплялі гаруча-змазачныя матэрыялы для вытворчага працэсу. Стварылі на базе ліцэя швейную майстэрню — пакуль што на 4 рабочых месцы. Але ўжо і зараз яна дае нам прыбытак: з закупленай на 12 млн.руб. у Баранавічах тканіны нашы дзяўчаты шыюць выдатную пасцельную бялізну, іншую прадукцыю: у месяц рэалізоўваем яе ў сярэднім на 27 млн. руб.
Акрамя таго, мы робім да мінімуму таннай прадукцыю для ўласных патрэб. Кожны навучэнец штодня падчас вучэбнага працэсу мае магчымасць есці прадукцыю з ліцэйскага ўчастка, што для ўстановы — практычна бясплатна. Паралельна ахвотна забяспечваем сельгаспрадукцыяй частку навучальных устаноў раёна — гэта ж пастаўшчыкі кадраў і для нашага ліцэя…
— Напэўна, ёсць у Вас новыя задумы ў напрамку далейшага паляпшэння фінансавага становішча навучальнай установы?
— Ёсць у нас і новыя тэмы для роздуму, і новыя задумы, і прапановы… Чакаем, у прыватнасці, аддачы ад грэцкага поля. Крупы з грэчкі зараз у цане!.. Ды і не толькі яны, а наогул крупы. Няшмат у краіне вытворцаў часнаку. І гэтак далей… Сёлета ж, калі надвор’е не падвядзе (а яно пакуль спрыяе), мы мяркуем атрымаць ад збыту сельгаспрадукцыі не менш за 400-450 млн. руб. Яе, спадзяемся, хопіць і для нас, і для заказчыкаў. Так што, лепей не разважаць пра фінансавы крызіс, а заняцца справай…
Вёў гутарку
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.