На старт выходзяць ільнаводы

Выходзяць на старт уборачнай кампаніі і працаўнікі льняных палеткаў. Вырошчваннем даўгунцу ў раёне ўжо шэраг гадоў займаюцца выключна працаўнікі ААТ “Кіраўск-Лён”. Днямі мы наведалі прадпрыемства і пацікавіліся ходам спраў у гэтай сельскагаспадарчай галіне раёна — адной са стратэгічных галін краіны.
На здымку: чарговую ўборачную кампанію ў поўнай гатоўнасці сустракаюць вопытныя льнаводы С.М.Сітцаў, П.І.Буднікаў і М.М.Глушакоў.

— Уборачную кампанію сустракаем у баявой гатоўнасці, — расказаў нам галоўны аграном прадпрыемства У.А. Вербінаў. — Надышоў перыяд цераблення трасты, і гэтую грунтоўную работу нам неабходна правесці сёлета на 1400 га, “раскіданых” па ўсім раёне. Каб не частыя дажджы, тэхніка выйшла б на палеткі ўжо сёння — яна даведзена да ладу загадзя…
Машынна-трактарны парк прадпрыемства папаўняецца новай тэхнікай штогод. Прычым усё больш дасканалай. Сёлета — не выключэнне. Апрабаваны да выхаду на церабленне трасты 3 самаходныя камбайны, адзін церабільны агрэгат, камбайн КЗС-12 — для абмалоту галовак даўгунцу. На новыя машыны ў кіраўніцтва вялікія надзеі: яны павінны істотна паскорыць рабочы працэс. Акрамя таго, будуць задзейнічаны раней набытыя самаходныя і прычапныя камбайны.
Падабраны і надзейныя механізатарскія кадры. У іх ліку — вопытныя Сяргей Зямцоў, Міхаіл Харкоў, Антон Трушкін, Віктар Краўцоў, Міхаіл Пратасаў, Мікалай Леснікоўскі, Пётр Буднікаў, Мікалай Глушакоў, Сяргей Каванскі і іншыя льнаводы. Ёсць сярод іх маладыя работнікі, якія прайшлі спецыяльныя курсы навучання.
Галоўнае ж, што хвалюе льнозавадчан, — гэта надвор’е, ад якога, безумоўна, будуць залежаць тэмпы ўборкі даўгунцу і выкананне задання па нарыхтоўках сыравіны. А даведзены план па нарыхтоўцы льнотрасты — даволі значны: 4060 тон. Хаця і выканальны. Віды на ўраджай перад уборкай неблагія. Усе неабходныя работы для таго, каб ён быў высокім, своечасова праведзены: падабраны спрыяльныя для вырошчвання культуры землі, з восені ўнесены гліфасаты, вясною своечасова засеяны ўчасткі якасным, ачышчаным насеннем, праведзена хімпраполка. Вось толькі бальнасць земляў у розных месцах раёна ўсё роўна дае свой адбітак. Найлепшы выгляд пасеваў даўгунцу — на Дабаснянска-Жыліцкай зоне, а на пясчаных глебах Стайкаўска-Баравіцкай ураджай чакаецца меншым. І ўсё ж, на прадпрыемстве, упэўнены, што даведзенае заданне будзе выканана.
На заводзе ж зараз завяршаецца рамонт абсталявання: да прыёму сыравіны новага ўраджаю яно будзе падрыхтавана.
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.