На ўсе 100!..

У свае 100 год ветэран вайны Іван Сяргеевіч Рыняк сам прышпільвае ўзнагароды на парадны пінжак…
У Хвайніцы дзядулю Івана ведае кожны. Яшчэ б — гэта не проста старэйшына, аксакал вёскі. Ды і не толькі вёскі — адзін з нямногіх у раёне і нават у краіне. Сёння Івану Сяргеевічу Рыняку споўнілася 100 гадоў! Гэта, як высветлілася, толькі афіцыйна. Даўней календара ў большасці вяскоўцаў проста не было — арыентаваліся на святы. Так і Іван Рыняк — нарадзіўся на Каляды, а зафіксавана нараджэнне было толькі 1 ліпеня. Вось і атрымліваецца, што ідзе дзядулю на самой справе ўжо 101-шы год!..
Аб сустрэчы з Іванам Сяргеевічам мы дамовіліся па тэлефоне з яго жонкай Галінай Ільінічнай. Сам дзядуля ў такім паважаным узросце ўжо слаба чуе. Затое добра чытае. І калі прачытаў наш допіс, што прыехалі з “Кіраўца”, узрадаваўся, бо ўжо чакаў.
— Не тое слова, што чакаў, — кажа жонка юбіляра, — як даведаўся, што прыедуць з раённай газеты, каб зрабіць здымак, загадаў дастаць парадны пінжак і медалі. А прышпільваў іх толькі сам, ды ўсе — туды, куды патрэбна, на сваё месца.
А ўзнагарод у ветэрана — поўныя грудзі. Сярод іх асаблівае месца займаюць баявыя: ордэн Айчыннай вайны, медалі “За адвагу”, “Партызану Вялікай Айчыннай вайны”. Менавіта ў партызанах Іван Сяргеевіч змагаўся з ворагам у часы ваеннага ліхалецця. А паколькі быў на той час больш сталым за многіх іншых сяброў-партызан, даручалі яму найбольш складаныя і небяспечныя заданні, назначалі старшым групы. Ваяваў Іван Рыняк адважна, не шкадуючы сіл для барацьбы з ворагам.
— Я ваяваў за Радзіму, — кажа ветэран, — за сваю зямлю, за сваіх людзей. А за гэта не шкада і жыцця!..
Магчыма, таму лёс пашкадаваў Івана Сяргеевіча і адмераў яму такі вялікі жыццёвы адрэзак часу. Хаця гора давялося перажыць шмат. Як у ваенныя гады (дастаткова прыгадаць толькі цяжкое раненне), так і потым, калі ў голадзе і нястачы трэба было аднаўляць разбураную вайной народную гаспадарку, будаваць нанава новае ўласнае жыццё. Так, менавіта нанава. Была да вайны ў Івана Рыняка сям’я, але жонка рана пакінула жыццё. Застаўся ўдавец з двума хлапчукамі.
А пасля вайны сустрэў Галіну, з якой выхаваў і іх, і яшчэ траіх агульных дзяцей. Жылі вельмі дружна, дапамагалі ва ўсім адзін аднаму. Іван Сяргеевіч ў розны час працаваў старшынёй сельскага Савета, у аддзеле па нарыхтоўках, а потым — працяглы час у калгасе фуражырам. Да 82 (!) гадоў сумленна выконваў калгасную працу.
— Вельмі гаспадарлівы муж у мяне. Цяпер, канешне, зрабіць што-небудзь ужо вельмі цяжка — у такія гады. А раней усё па гаспадарцы рабіў сваімі рукамі. А які музыка быў! Пад ягоны гармонік збягалася ўся вёска. Сам добра спяваў, танчыў…
І сёння ў свае 100 Іван Сяргеевіч не сядзіць на месцы. Выходзіць на вуліцу, паглядзіць, як па двары бегаюць куры, як, убачыўшы гаспадара, віхляюць хвастамі два сабакі, як зелянее клапатліва праполаты ад пустазелля агарод — гэта Галіна Ільінічна ў свае 89 (!) завіхаецца тут разам з малодшай дачкой, якая кожныя выхадныя наведвае бацькоў.
— Сёлета будзе добры ўраджай, — заўважыў напрыканцы нашай сустрэчы 100-гадовы юбіляр. Прайшоўшыя дожджыкі дарагога каштуюць!..
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.