Неўміручы подзвіг

У ліпені абласны цэнтр адзначыць 70-годдзе гераічнай абароны горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. На працягу 23 дзён: з 3 па 26 ліпеня 1941 года націск гітлераўцаў, якія імкнуліся ўзяць Магілёў, стрымліваўся на гэтым рубяжы.
Фронт да таго часу адышоў ужо далёка на ўсход, але абаронцы горада на Дняпры: міліцыянеры, чырвонаармейцы, апалчэнцы, сярод якіх былі і жыхары нашага раёна, прызваныя райваенкаматам, рабочыя — стаялі насмерць. Яны скоўвалі ў шмат разоў пераўзыходзячыя сілы ворага, трымалі кругавую абарону, знаходзячыся ў поўным акружэнні. Прычым стрымлівалі да таго часу, пакуль ужо проста няма чым было стрымліваць — ні моцы, ні боепрыпасаў не засталося!
Гэта было прамое супрацьстаянне цэлай арміі — нахабнай, вывучанай, цынічнай і, галоўнае, упэўненай у сабе. Прыгадайце фотаздымкі ваенных часін, на якіх адлюстраваны першыя палонныя гітлераўцы: у іх такія твары, нібы ідуць на дыскатэку танчыць! Яны пасміхваюцца, бо ўпэўнены, што праз колькі дзён будзе ўзята Масква, а ім за тое, што яны першыя, што “пацярпелі” ад савецкіх войскаў яшчэ і па Крыжу дадуць.
Але ж былі і іншыя фотаздымкі. Напрыклад, з падбітымі нямецкімі танкамі, зробленыя фотакарэспандэнтам Паўлам Трошкіным, які быў разам з Канстанцінам Сіманавым у ліпені сорак першага на Буйніцкім полі. Гэтыя здымакі былі надрукаваны ў газеце “Известия” як доказ, што з жорсткім і моцным ворагам можна і трэба змагацца. Не сакрэт. што гітлераўская армія аб’ектыўна павінна была перамагчы, бо ў яе было ўсё: рэсурсы, дысцыпліна і ідэалогія. Не было аднаго — той моцы духу, як у савецкіх людзей. І абаронцы Магілёва, што стрымлівалі праціўніка больш за тры тыдні, перамаглі войскі вермахта.
Імя Канстанціна Сіманава — знакавае для гісторыі Магілёва, Беларусі. Гэта сімвал памяці не толькі аб абароне абласнога цэнтра, але і непарыўнай сувязі беларусаў, рускіх, украінцаў, прадстаўнікоў іншых народаў, што аддалі свае жыцці ў бітве з ворагам. Імя Сіманава аб’ядноўвае нашы народы, агульным здабыткам якіх сталі яго ўспаміны і мастацкія творы. Па сутнасці аб імёнах герояў магілёўскай абароны ў ліпені 41-га краіна даведалася, дзякуючы нарысу Сіманава “Гарачы дзень”. Ужо ў паслява-енны час у Магілёве пісьменнік сустракаўся з ветэранамі вайны для напісання трылогіі “Жывыя і мёртвыя”.
Святыня Магілёва — Буйніцкае поле, над якім, згодна завяшчання, развеяны прах пісьменніка. Тут устаноўлены камень з імем Сіманава, створаны мемарыял, дзе праводзяцца патрыятычныя мерапрыемствы… Усё гэта — даніна памяці героям вайны. І вельмі шкада і нават неяк горка ўсведамляць, што сучаснай моладзі “некалі” прачытаць сіманаўскую трылогію “Жывыя і мёртвыя”. Раіў бы ім паглядзець фільм рэжысёра Дзяніса Скварцова “Дняпроўскі рубеж” — падзяліць погляд абсалютна маладога чалавека на падзеі ліпеня 41-га пад Магілёвам.
Аляксандр ДЗМІТРЫЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.