Памяці ахвяр Халакосту

На тэрыторыі раёна ўстаноўлены два мемарыяльныя камяні ахвярам Халакосту: у Жылічах, дзе фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны было закатавана 200 чалавек яўрэйскага насельніцтва, бежанцаў з Заходняй Беларусі, і ў в.Ахоцічы, дзе было расстраляна 130 чалавек. У мінулую нядзелю ў гэтых населеных пунктах адбылася цырымонія адкрыцця памятных знакаў.
Шматлюдна было ў Жылічах. Удзел у цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага каменя ў памяць ахвяр Халакосту прынялі 1-шы сакратар Пасольства дзяржавы Ізраіль у Беларусі Генадзь Паляшчук, кіраўнік беларускага прадстаўніцтва амерыканскага яўрэйскага аб’яднанага размеркавальнага камітэта “Джэйнт” Йоні Лейфер, прадстаўнікі сем’яў Лазарус з Велікабрытаніі і Клеттар з ЗША, дэлегацыі яўрэйскіх абшчын з Мінска, Магілёва і Бабруйска, члены яўрэйскай маладзёжнай валанцёрскай арганізацыі, прадстаўнікі грамадскасці раёна, кіраўніцтва Жыліцкага сельгаскаледжа, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і мясцовае насельніцтва.
Халакост, што ў перакладзе з англійскай мовы азначае “усеспальванне”, — вынаходніцтва нацыстаў фашысцкай Германіі. Гэтая агідная, бесчалавечная і антыгуманная з’ява, накіраваная ў першую чаргу супраць яўрэйскага насельніцтва, існавала ў якасці дзяржаўнай палітыкі Германіі на працягу 1933 -1945 гадоў. Першымі ахвярамі нацыстаў сталі нямецкія яўрэі, а з пачаткам Другой сусветнай вайны, калі фашысцкія орды рушылі ў свой бесчалавечы паход — еўрапейскія яўрэі, у час фашысцкай акупацыі тэрыторыі былога Савецкага Саюза пацярпелі ў тым ліку і яўрэі Беларусі.
Памяць аб гэтых бязвінных ахвярах, загубленых жыццях жыве ў сэрцах і сёння. Таму пры Саюзе Беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын у верасні 2003 года была створана ка-місія па ўвекавечанні памяці ахвяр Халакосту — яўрэяў, загінуўшых ад рук фашысцкіх нелюдзяў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Працуе яна пры фінансавай падтрымцы фонду Саймана М.Лазаруса (Велікабрытанія), фонду сем’яў Майлса і Мерэлін Клеттар, Уорэна і Бэверлі Гейслер з ЗША.
За перыяд работы Камісіі ўстаноўлены 54 памятныя знакі ахвярам Халакосту ў розных куточках Беларусі. Па ініцыятыве Саюза ўвекавечаны месцы знішчэння яўрэяў Мінска, Гарадзеі, Слуцка, Віцебска, Магілёва, Бабруйска.
Адкрываючы ў Жылічах жалобны мітынг, каардынатар камісіі Саюза Беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын па ўвекавечванні памяці ахвяр Халакосту ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Краверскі падкрэсліў усю важнасць і значнасць для яўрэйкай грамадскаці гэтай падзеі, выказаў шчырую ўдзячнасць раённай выканаўчай уладзе за неацэнную дапамогу ў добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол памятных знакаў, за іх захаванасць і падтрыманне парадку на месцах памяці. А таксама зачытаў прывітальны ліст з нагоды адкрыцця чарговага памятнага знака ахвярам Халакосту ад часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Майкла Скэнлана.
Далей слова трымалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Андрэй Карпук, афіцыйныя асобы Саюза Беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын і прадстаўнікі прыехаўшых ў Жылічы дэлегацый яўрэйскіх абшчын, старшыня раённай асацыяцыі былых малалетніх вязняў фашыскай няволі Э.А.Самбур. Сваімі ўспамінамі аб гадах ваеннага ліхалецця і шчаслівым выратаванні ад расстрэлу падзяліліся былы вязень Рагачоўскага гета кіраўчанін Р.З.Каган і старшыня Бабруйскай яўрэйскай абшчыны, паэт і пісьменнік Леанід Рубінштэйн, адзін з нямногіх, хто выжыў пасля расстрэлу гета ў п.Свіслач. Члены маладзёжнай валанцёрскай яўрэйскай арганізацыі запалілі ў памяць аб ахвярах Халакосту свечкі, равін прачытаў кадзіш і пад мілагучныя гукі скрыпкі прысутныя ўсклалі да падножжа памятнага знака кветкі, а па яўрэйскай традыцыі — каменьчыкі.
Траўрны мітынг завяршыўся. Але прысутныя і госці доўга не разыходзіліся, размаўлялі, дзяліліся ўспамінамі, абменьваліся нумарамі тэлефонаў. Для дэлегацый яўрэйскіх абшчын была наладжана экскурсія па Жыліцкім палацава-паркавым ансамблі і музеі.
У гэты ж дзень больш вузкім саставам афіцыйныя асобы і госці з Велікабрытаніі і ЗША наведалі в.Ахоцічы, дзе таксама прайшла цырымонія адкрыцця памятнага знака ахвярам Халакосту.
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.