“Поспех даступны тым, хто імкнецца да яго!”

У мінулую пятніцу ў кафэ “Церамок” адбылося першае пасяджэнне раённага клуба маладых спецыялістаў. Клуб арганізаваны па ініцыятыве аддзела па справах моладзі райвыканкама і райкама ГА “БРСМ” з мэтай аб’яднаць актыўных юнакоў і дзяўчат Кіраўшчыны, якія імкнуцца да поспеху і не любяць заставацца ў баку ад плыні грамадскага жыцця.
Вядучыя маладзёжнай вечарыны — начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Дзмітрый Гіраеўскі і бухгалтар СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Алена Харамецкая прапанавалі маладым людзям бліжэй пазнаёміцца адзін з адным. Высветлілася, што ўдзельнічалі ў пасяджэнні маладыя медработнікі, настаўнікі, работнікі гандлю, спецыялісты сельскагаспадарчай сферы раёна, прычым не толькі ўраджэнцы Кіраўшчыны, але і прыехаўшыя на работу па размеркаванні з Гомеля, Крычава, Бабруйска.
На сустрэчу з моладдзю былі запрошаны намеснік старшыні райвыканкама В.У.Гаршкова, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Н.П.Суравец, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” В.В.Маркевіч. Яны падзяліліся з юнакамі і дзяўчатамі ўспамінамі аб маладосці, пажадалі знайсці сваё месца ў жыцці, не пужацца цяжкасцей, ставіць перад сабой мэты і імкнуцца іх ажыццявіць. А ў якасці дэвіза клуба прапанавалі ўзяць выраз “Поспех даступны тым, хто імкнецца да яго!”.
Пасля знаёмства маладыя людзі падзяліліся думкамі наконт таго, якія жыццёвыя пытанні хвалююць іх у першую чаргу. Сярод іх — набыццё жылля, прадастаўленне льгот маладым сем’ям, незанятасць у вольны ад работы час. Маладыя матулі адзначылі, што не ўсе дзіцячыя пляцоўкі ў Кіраўску добраўпарадкаваны належным чынам, прапанавалі сваю пасільную дапамогу. Ды і наогул рабяты запэўнілі, што з задавальненнем прымалі б удзел у арганізацыі і падрыхтоўцы маладзёжных мерапрыемстваў, калі б і аддзел па справах моладзі, і райкам “БРСМ” больш актыўна іх захаплялі цікавымі справамі, інфармавалі і часцей рабілі прапановы наконт сумеснай работы.
Пасля знаёмства, чаяпіцця і гутаркі моладзь наведала трэнажорную залу “Геркулес”. Вырашылі аб’яднацца ў групу і ў свабодны час разам прыходзіць на заняткі.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.