Працоўны настрой — выдатны!

У мінулую суботу на мехдвары ААТ “Кіраўскае райагра-прамтэхзабеспячэнне” адбылося ўрачыстае свята “Зажынкі”, якое дало старт жніву-2011 у падсобнай гаспадарцы. У поле выйшлі першыя экіпажы камбайнераў і вадзіцеляў, якія будуць заняты на ўборцы і адвозцы збожжа.
На здымку: Маладзёжны экіпаж у саставе Валянціна Сулімскага і Юрыя Русецкага.

Здаецца, яшчэ нядаўна земляробы рыхтавалі глебу, клалі ў зямлю зярняткі, а ўжо надышоў самы адказны момант — уборка вырашчанага ўраджаю.
З гэтай нагоды да працаўнікоў з прывітальнымі словамі звярнуліся старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу В.П.Ставер і часова выконваючая абавязкі дырэктара РАПТЗ М.А.Акушэвіч.
Для правядзення ўборачнай кампаніі на больш якасным узроўні арганізацыя набыла новы камбайн КЗС-1218-10.
Намеснік дырэктара РАПТЗ па ідэалагічнай рабоце Н.І.Гушчына ўручыла лепшаму экіпажу мінулага года ў саставе Уладзіміра і Дзмітрыя Комараў сімвал жніва — сноп, упрыгожаны кветкамі і чырвонай стужкай. Дарэчы, менавіта гэты сямейны экіпаж быў другім у вобласці па выніках мінулай уборачнай кампаніі.
Адметна, што ў РАПТЗ сёлета сфарміраваны два маладзёжныя экіпажы ў саставе Валянціна Сулімскага і Юрыя Русецкага, а таксама Пятра Дразда і Рыгора Булаха.
Усяго на палеткі выйшла 9 збожжаўборачных экіпажаў. Першым у скарбонцы ўраджаю-2011 будзе рапс, у гэтым годзе ён размешчаны на 361 га.
Святочны настрой і цёплую атмасферу падарылі работнікі культуры, народны ансамбль песні “Мілавіца”, якія праспявалі цудоўныя песні на роднай мове.
Па добрай традыцыі настаяцель Свята-Пакроўскага храма іерэй Дзмітрый Первій акрапіў збожжаўборачныя машыны і экіпажы святой вадой і пажадаў працаўнікам, каб Бог спрыяў у іх высакароднай справе.
У сваю чаргу, удзельнікі жніва спадзяюцца, што ўсе прымаемыя імі намаганні, а таксама спрыяльнае надвор’е і баявы працоўны настрой дапамогуць сабраць добры ўраджай, і зноў у іх будзе магчымасць прадстаўляць раён на рэспубліканскіх “Дажынках”.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.