Праваслаўны Усебеларускі Хрэсны ход — на Кіраўшчыне

Праваслаўны Усебеларускі Хрэсны ход “Пад Покрывам Прасвятой Багародзіцы” выйшаў 6 чэрвеня бягучага года са Спаса-Еўфрасініеўскага манастыра ў г.Полацку. Яго маршрут пралягае па сямі епархіях Беларускай Праваслаўнай царквы: Мінскай, Полацкай, Віцебскай, Магілёўскай, Бабруйскай, Навагрудскай і Гродзенскай. Веруючыя нясуць спісак Божай Маці Жыровіцкай, ікону прападобнай Еўфрасінні Полацкай з часцінкай мошчаў і ікону свяшчэннамучаніка Канстанціна, прэсвітэра Шаркаўшчынскага, кананізацыя якога адбылася 4 чэрвеня бягучага года, з часцінкай мошчаў.
Рэспубліканскі Хрэсны ход здзяйсняецца па рашэнні Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы і па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта. Духоўнікам Хрэснага ходу з’яўляецца пратаірэй Аляксандр Шырытон, кіраўнік Сінадальнага паломніцкага аддзела Беларускага Экзархата. Падтрымку мерапрыемству аказваюць Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, мясцовыя выканаўчыя камітэты.
Паломнікі праходзяць у дзень 30-35 км. У цэлым жа шэсце складзе больш за 1500 км і будзе доўжыцца практычна ўсё лета, а 28 жніўня, у свята Успення Прасвятой Багародзіцы і Прыснадзевы Марыі, паломнікі завершаць падарожжа ў Свята-Успенскай Жыровіцкай абіцелі.
Днём 22 ліпеня ўдзельнікі Хрэснага ходу, якія рухаліся з боку Магілёва, прыбылі ў Кіраўск. На мяжы раёна іх сустракалі прадстаўнікі грамадскасці на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама А.Л.Карпуком, духавенства і веруючых раёна на чале з настаяцелем Свята-Пакроўскага храма ў Кіраўску, іерэем Дзмітрыем Первіем. Спісак Жыровіцкай іконы Божай Маці, прынесены ўдзельнікамі Хрэснага ходу, быў устаноўлены ў Кіраўскім Свята-Пакроўскім храме для пакланення. Многія жыхары раёна скарысталі прадастаўленую магчымасць і прыйшлі памаліцца Багародзіцы перад яе Жыровіцкай выявай.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.