Спорт — супраць падлеткавай злачыннасці

Незвычайны матч прайшоў нядаўна на штучнай міні-футбольнай пляцоўцы гарадскога стадыёна. У таварыскай гульні сустрэліся супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў і падлеткі, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС. Матч адбыўся па ініцыятыве камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама пра садзейнічанні РАУС, райсавета дэпутатаў, аддзелаў па справах моладзі, фізічнай кульуры, спорту і турызму райвыканкама, райкама ГА “БРСМ”.
Ідэя аб правядзенні такога матча ўзнікла планамерна і асэнсавана. Як адзначыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Т.Р.Баранава, у раёне ў першым паўгоддзі бягучага года на 40% у параўнанні з адпаведным леташнім перыядам ўзрасла злачыннасць сярод непаўналетніх: адпаведна 7 выпадкаў супраць 5-ці. Наогул зараз на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх знаходзяцца 52 падлеткі.
Практыка паказвае, што адзін з найбольш дзейсных спосабаў прафілактыкі правапарушэнняў сярод падлеткаў — забеспячэнне іх занятасці, прыцягненне да актыўных форм адпачынку. І вось гэты футбольны матч якраз з ліку такіх прафілактычных мерапрыемстваў. Дагэтуль наладжваліся спартыўныя спаборніцтвы паміж самімі непаўналетнімі парушальнікамі. Таварыскі ж паядынак падлеткаў з супрацоўнікамі міліцыі, праводзіўся ўпершыню. Да слова, і ў ліку балельшчыкаў на гульні прысутнічалі прыехаўшыя з Жыліцкага сельгаскаледжа падлеткі з так званай групы рызыкі — выхадцы з няўдачных сем’яў, сацыяльныя сіроты, парушальнікі дысцыпліны.
Ну а сам футбольны паядынак атрымаўся цікавым, насычаным, з бескампраміснай барацьбой, але без грубасці. Асабліва стараліся больш маладыя футбалісты. Перамога ўсё ж дасталася вопытнай камандзе з РАУС. Але галоўнае, выхаваўчы працэс быў відавочным. Адным з яскравых момантаў, напрыклад, стаў эпізод, калі галкіперы каманд памяняліся месцамі ў варотах, бо падлеткі сталі прайграваць з буйным лікам.
Тым не менш, думаецца, што прайграўшых у матчы не было. Былі ўзнагароджаны лепшыя ігракі абедзвюх каманд, а ўсе ўдзельнікі акрамя добрага настрою атрымалі яшчэ і салодкі прыз — вялікі торт, прадастаўлены раённай арганізацыяй РГА “Белая Русь”.
Ад сябя асабіста дадам, што, здаецца, і матч быў яшчэ больш відовішчным, і выхаваўчы эфект быў бы большым, калі б саставы каманд былі змешанымі… Магчыма, такі тактычны ход і будзе ўзяты на ўзбраенне, тым больш, што практыку правядзення падобных мерапрыемстваў мяркуецца працягваць і надалей.
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.