Спрацаваць з максімальнай прадукцыйнасцю

Нарыхтоўка кармоў для грамадскага пагалоўя жывёлы паступова перайшла ў сваю другую стадыю. Першы ўкос, як вядома, адзін з найбольш адказных і напружаных, калі назапашваецца асноўная колькасць сенажу і сена. Якім чынам ён прайшоў у раёне і якія задачы стаяць перад працаўнікамі вёскі сёння, мы папрасілі расказаць першага намесніка начальніка райсельгасхарчу М.Б.ПАД’ЯЛОЎСКАГА:
— Для паспяховага правядзення зімова-стойлавага перыяду ўтрымання жывёлы працаўнікам вёскі неабходна нарыхтаваць 10500 т сена, 56000 т сенажу і 154000 т сіласу. Згодна плана корманарыхтоўкі першым укосам неабходна было скасіць травы на 9150 га. Гэта шматгадовыя травы і лугавыя ўгоддзі. План гэты ў раёне выкананы. Сельгасарганізацыямі нарыхтавана 5411 т сена, 68079 т сенажу і 9617 т сіласу. Усяго назапашана 23486 т кармавых адзінак травяністых кармоў, што складае 49% да задання. На адну ўмоўную галаву прыходзіцца па 11 цэнтнераў кармавых адзінак або 47% да патрэбы. Гэта на 0,6 ц к.адз. больш, чым было нарыхтавана за адпаведны перыяд летась.
Для нарыхтоўкі кармоў з траў першага ўкосу было задзейнічана 36 трактарных касілак, 28 грабель, 29 кормаўборачных камбайнаў, 32 прэс-падборшчыкі.
Найбольш актыўна правялі першы этап касавіцы працаўнікі СВК “Чырвоны баец”, дзе ўборку траў першым укосам правялі за два тыдні. Зладжана працавалі таксама ў ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, СГФ “Чыгірынка”, СВК “Калгас “Свярдлова”.
Перыядычна праходзіўшыя дажджы значна ўскладнілі ход уборкі траў і нарыхтоўку кармоў, аднак, нягледзячы на гэта, ва ўсіх гаспадарках імкнуліся весці работы належным чынам. Найбольшую колькасць травяністых кармоў назапасілі ў райаграпрамтэхзабеспячэнні, дзе агульная нарыхтоўка склала 72,5% да плана, на ўмоўную галаву жывёлы назапашана па 16,4 ц к.адз., што на 1,4% вышэй узроўню мінулага года. Вышэй леташняга паказчыка па нарыхтоўцы кармоў на ўмоўную галаву жывёлы спрацавалі ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, РУП “Жылічы”, СГФ “Чыгірынка”. А вось у СВК “Бераснёўскі” назіраецца адставанне ад леташняга паказчыка: тут на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана на 2,5 ц к.адз. менш.
Зараз сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна вядуць касьбу траў у рэчышчах рэк і шматгадовых траў другім укосам. На падыходзе аднагадовыя травы. Задача, якая стаіць перад вяскоўцамі, — максімальна прадукцыйна спрацаваць у гэты перыяд і тым самым значна павялічыць колькасць нарыхтаваных травяністых кармоў да пачатку масавай уборкі азімага рапсу, а потым — збожжавых і зернебабовых культур.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.