Сяброў збірала Александрыя

Урачыста і весела прайшоў у мінулую сераду купальскі фестываль у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна — месцы, дзе мяжуюць Магілёўшчына і Віцебшчына.
На здымку: міністр культуры Рэспублікі Беларусь П.П.Латушка наведвае Кіраўскае падвор’е.

Летась Прэзідэнт нашай краіны А.Р.Лукашэнка падчас удзелу ў мерапрыемстве на сваёй малой радзіме выказаў спадзяванні, што свята стане традыцыйным. Сёлета фестываль “Александрыя збірае сяброў” праходзіў у другі раз і стаў значна больш маштабным і масавым. У агульнай колькасці некалькі тысяч чалавек сустрэлі Купалле у маляўнічым кутку каля Дняпра. Сімвалічна, што тут сабраліся прадстаўнікі не толькі нашай Магілёўшчыны, а і Гомельскай, Віцебскай, Кіеўскай і Смаленскай абласцей. Удзел у святочным фэсце прыняў Прэзідэнт краіны.
На адносна невялікім участку быў прадстаўлены кожны раён Прыдняпроўскага краю. У «Горадзе майстроў» кожны рэгіён імкнуўся здзівіць прыйшоўшых на свята, паказаць сваю “ізюмінку” — работы і творы майстроў, народных рамеснікаў, аматараў фальклора. Многія маглі набыць вырабы на памяць. Шырока быў прадстаўлены гандаль, працавалі атракцыёны. Паказальныя выступленні прадставілі публіцы парашутысты, уразіла ўсіх таксама авіяшоў, падчас якога былі паказаны складаныя элементы і прыёмы.
З поспехам выступілі на фестывалі і прадстаўнікі Кіраўшчыны. З цікавасцю гледачы знаёміліся з работамі самадзейных майстроў: мастацкімі вырабамі Ж.Л.Сілінай з Жыліч, А.С.Якавенка з Кіраўска, Г.Р.Цвятковай з Добасны, вырабамі з лазы В.А.Сухарава са Скрыпліцы. Асабліва вабіла завітаўшых на Кіраўскае падвор’е віртуозная работа на ткацкім станку майстрыхі з Любоніч М.І.Салановіч. Святочны настрой на падвор’і стваралі самадзейныя калектывы “Мілавіца”, “Спадчына”, салісты ансамбля Баравіцкага СДК. З работамі кіраўскіх майстроў разам з іншымі пазнаёміліся міністр культуры краіны П.П.Латушка, старшыня аблвыканкама П.М.Руднік.
Удзень на малой сцэне прайшоў творчы конкурс лепшых самадзейных калектываў аграгарадкоў нашай вобласці. Наш раён прадставіў народны ансамбль песні “Мілавіца”.
А ўвечары адбыўся святочны гала-канцэрт «Купалле над Дняпром» з удзелам знакамітых калектываў і зорак беларускай эстрады. Выступілі перад гледачамі таксама госці з Украіны і Расіі.
Уразіла прысутных лазернае шоў. Не абышлося ў купальскую ноч без традыцыйных кастроў і вянкоў. А заключным акордам стаў святочны феерверк, які расквеціў неба над Дняпром тысячамі рознакаляровых агнёў.
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.