У эліце пляжнага футбола краіны

Трывала замацоўваюцца ў эліце пляжнага футбола краіны прадстаўнікі нашага раёна. Прычым як каманда “Кіраўск-ДЮСШ”, так і асобныя футбалісты, а цяпер ужо надышоў час і спецыялістаў гэтага віду спорту. Дырэктар нашай спартыўнай школы, галоўны трэнер каманды “Кіраўск-ДЮСШ” Віктар Галомзік з 1 ліпеня кіруе другой нацыянальнай зборнай Беларусі, якая створана для больш эфектыўнага выступлення галоўнай каманды краіны і развіцця пляжнага футбола ў рэспубліцы наогул.
У чэрвені стартаваў чэмпіянат Беларусі па пляжным футболе ў вышэйшай лізе, дзе, нагадаем, у ліку васьмі мацнейшых каманд краіны выступае і “Кіраўск-ДЮСШ”. Схема чэмпіянату складаецца з 5 гран-пры — своеасаблівых тураў у розных гарадах, дзе каманды гуляюць па кругавой сістэме. За перамогу налічваецца 3 ачкі, за перамогу ў овертайме ці па пенальці — 2 ачкі, прайграўшая каманда ачкоў не атрымлівае.
Першыя два гран-пры адбыліся ў Мазыры і Віцебску. Выступленне “Кіраўск-ДЮСШ” на іх было ўдалым. Нашы землякі атрымалі пераканаўчыя перамогі: над “Нёманам” з Гродна — 5:2, “Вітварам” з Віцебска — 8:3, “Славіяй” з Мазыра — 4:2, ФК “Кобрын” — 8:6 і 10:0 (тэхнічнае паражэнне за няяўку), “Гарняком” з Салігорска — 12:4. І толькі ў матчах з дзвюма камандамі (але з якімі!) нашым футбалістам крыху не хапіла вопыту: яны ўступілі наваполацкаму “Нафтану” (3:4 і 1:5) і цяперашняму лідару — барысаўскаму БАТЭ (1:6). Аднак менавіта каманда з нашага правінцыяльнага гарадка складае барысаўчанам самую істотную канкурэнцыю. У БАТЭ зараз 24 ачкі, у “Кіраўск-ДЮСШ” — 18, у “Нафтана” — 16, “Гарняка” — 15, “Славіі” — 12, “Вітвара” — 9, “Нёмана” — 3, ФК “Кобрын” ачкоў не мае.
Выдатна паказваюць сябе і асобныя прадстаўнікі каманды. Аляксей Іўчанка з 11 галамі знаходзіцца ў ліку лепшых бамбардзіраў чэмпіянату. У гран-пры Мазыра наш абаронца Ігар Муха быў прызнаны лепшым у сваім амплуа.
Зараз у чэмпіянаце краіны па пляжным футболе даволі працяглы перапынак у сувязі з падрыхтоўкай нацыянальнай зборнай Беларусі да ўдзелу ў турніры Лігі Еўропы, які пройдзе ў Італіі. Удзел у трэніровачным працэсе, прычым самы актыўны, прымаюць і кіраўскія футбалісты. У першы састаў каманды ўключаны трое нашых прадстаўнікоў: Вадзім Бокач, які выступае сёлета за барысаўскі БАТЭ, а таксама Ігар Брыштэль і Ігар Муха, якія гуляюць за “Кіраўск-ДЮСШ”.
Як мы адзначалі, нядаўна створана і рэзервовая зборная, у састаў якой уключана ажно пяцёра ігракоў “Кіраўск-ДЮСШ”. Гэта Сяргей Ерамееў, Аляксей Іўчанка, Максім Хамічэнка, Вадзім Аляшкевіч і Сяргей Цімашэнка. Як вам такое прадстаўніцтва Кіраўска у футбольнай эліце пляжнага футбола Беларусі?!.. Некалькі гадоў таму нашым землякам аб гэтым толькі можна было марыць…
Сваю гісторыю другая нацыянальная зборная пачала спарынгам з асноўным саставам. Падапечныя Віктара Галомзіка ў асноўны час не ўступілі саперніку: да фінальнага свістка лік быў 3:3. Адметна, што і тут кіраўчане паказалі свой клас: у саставе першай каманды голам вызначыўся Вадзім Бокач, у саставе другой — двойчы Аляксей Іўчанка і адзін раз Сяргей Ерамееў. І толькі па пенальці галоўная зборная вырвала перамогу.
У рамках фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” ў горадзе над Дзвіной праходзіць міжнародны турнір па пляжным футболе “Кубак дружбы” з удзелам каманд з Беларусі, Украіны, Польшчы, Азербайджана, Эстоніі, Латвіі, Санкт-Пецярбурга і Калінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Кіраўніцтва беларускай зборнай, якая выступае на турніры пашыраным саставам, ставіць перад сабой мэту адабраць лепшых футбалістаў для ўдзелу ў Лізе Еўропы. Чакаем прадстаўніцтва ў галоўнай камандзе краіны нашых землякоў!
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.