Ягаднае золата

Хваляванні наконт цэн на прадукты харчавання і прамысловыя тавары, сітуацыі на валютным рынку краіны многім з нас не даюць спакою. Аднак некаторыя нашы прадпрымальныя суайчыннікі не марнуюць часу на прагляд тэленавасцей і пошук інфармацыі аб гэтым у газетах і Інтэрнеце, а свой свабодны час праводзяць у лесе ці на прысядзібным участку — на нарыхтоўцы ягад.
Штодзень з ранку да вечара ў аддзеле па нарыхтоўках райспажыўтаварыства ідзе закуп ягад культурных і дзікарослых сартоў. Здача ягад — неблагі спосаб для насельніцтва падзарабіць. Напрыклад, за кілаграм чарніц выручаюць 14 тысяч рублёў, летась цана вагалася ад 4 да 8 тысяч. Многія займаюцца нарыхтоўкай ягад не толькі па выхадных, але і падчас водпуску: пагадзіцеся, неблагі дадатак да заработнай платы.
На сезон нарыхтовак для збору ягад, а пазней і грыбоў райспажыўтаварыства прыцягнула 30 пазаштатных нарыхтоўшчыкаў. Акрамя аддзела па нарыхтоўках закуп ягад наладжаны ва ўсіх сельскіх магазінах раёна.
Зараз найбольшай папулярнасцю ў “паляўнічых” на ягады карыстаюцца чарніцы. Іх райспажыўтаварыства закупае не толькі ў нашым, але і ў Бабруйскім, Асіповіцкім, Бярэзінскім, Клічаўскім раёнах, у дзень — па 7-8 тон.
Начальнік аддзела па нарыхтоўках Вольга Крутава адзначыла, што, улічваючы сёлетні добры ўраджай гэтай ягаднай культуры, райспажыўтаварыства разлічвае закупіць 110 тон. 76 тон у іх капілцы ўжо маецца. Частку нарыхтаванага плануюць пакінуць на патрэбы грамадскага харчавання раёна, астатняе адпраўляецца на экспарт. Якраз учора рыхтавалі да адпраўкі ў Польшчу 15 тон чарніц.
Акрамя ягад райспажыўтаварыствам наладжана закупка ў насельніцтва ўсёй сельскагаспадарчай прадукцыі, мяса, другаснай сыравіны. Таму пры жаданні магчыма істотна папоўніць свой сямейны бюджэт. Толькі варта не ленавацца і ўмець рацыянальна карыстацца дарамі прыроды, а ў Беларусі прырода — багатая і шчодрая.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.