З клопатам аб людзях

На мінулым тыдні ў раёне пабываў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Г.М.Лаўранкоў. Ён правёў “прамую тэлефонную лінію” з жыхарамі раёна, а таксама прыём грамадзян па асабістых пытаннях у райвыканкаме і Мышкавіцкім сельскім Доме культуры.
На здымку: У ходзе прыёму грамадзян па асабістых пытаннях памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўным інспектарам па Магілёўскай вобласці Г.М.Лаўранковым у райвыканкаме.

На “прамую лінію” да Г.М.Лаўранкова звярнулася 8 грамадзян: па пытаннях рамонту жылых дамоў, прыватызацыі кватэры, добраўпарадкавання ўчасткаў на месцы знесеных безгаспадарных дамоў і іншых.
На прыём па асабістых пытаннях да памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўнага інспектара па Магілёўскай вобласці ў Кіраўску і Мышкавічах прыйшло 14 чалавек.
Па аднаму і тому ж балючаму пытанню звярнуліся да Г.М.Лаўранкова дзве жыхаркі райцэнтра: адна — на “прамую лінію”, другая — у ходзе прыёму грамадзян у райвыканкаме. А сутнасць праблемы наступная: крэдыт на будаўніцтва жылога дома СЖБК-7 выдаваўся згодна праектна-каштарыснай дакументацыі зыходзячы з ранейшага кошту будматэрыялаў, а гэты кошт зараз рэзка ўзрос — ці магчыма павялічыць памер крэдытавання, каб дабудаваць кватэры?
Г.М.Лаўранкоў даручыў кіраўніцтву раёна вывучыць праблему і тэрмінова ўнесці прапановы для вырашэння пытання аб дадатковым крэдытаванні будаўніцтва ўказанага дома ў сувязі з павелічэннем кошту будаўнічых матэрыялаў і энерганосьбітаў.
Жыхар райцэнтра М.Ф.Прахаровіч прыйшоў на прыём да памочніка Прэзідэнта не з нейкімі ўласнымі праблемамі, яго цікавіў шэраг пытанняў сённяшняга жыцця рэспублікі: па сітуацыі на спажывецкім і валютным рынках, у эканоміцы і сацыяльнай сферы і іншых.
Г.М.Лаўранкоў даў на гэты конт вычарпальныя тлумачэнні.
Маладая маці двух непаўналетніх дзяцей з п.Жылічы папрасіла дапамогі ў вырашэнні пытання па спагнанні сумы аліментаў, належачых яе дзецям, з фірмы “Рагачоўбудсервіс”, дзе працаваў яе муж, а зарплата нейкі перыяд не выплачвалася. Г.М.Лаўранковым дадзена даручэнне адпаведным абласным службам разабрацца па сутнасці пытання выплаты аліментаў.
У ходзе прыёму грамадзянамі былі таксама ўзняты пытанні аб бязвыплатнай перадачы дома ва ўласнасць, выдзяленні драўніны на рамонт дома, утрыманні хатняй жывёлы і іншыя.
Па кожным са зваротаў Генадзь Міхайлавіч дэталёва разабраўся, даў адказы, а па тых зваротах, якія патрабавалі дадатковага разгляду, даў адпаведныя даручэнні адказным асобам.
Адразу чацвёра пенсіянерак з вёскі Суянец Мышкавіцкага сельсавета прыйшлі на прыём да Г.М.Лаўранкова з актуальнай для іх праблемай: у іх населены пункт з чэрвеня бягучага года не ходзіць рэйсавы аўтобус, і сталым людзям праблематычна дабірацца і ў Бабруйск, і ў Кіраўск. Раней маршрут прыгараднага аўтобуса пралягаў праз іх вёску, а потым быў адменены з-за стратнасці.
Памочнік Прэзідэнта даручыў кіраўніцтву раёна арганізаваць сустрэчу з жыхарамі в.Суянец і вызначыцца па аптымальным маршруце і графіку абслугоўвання прыгарадным аўтобусам жыхароў гэтага населенага пункта.
Г.М.Лаўранкоў пацікавіўся ў жанчын, чым яшчэ яны заклапочаны, ці непакоіць іх хвалюючае зараз многіх “цэнавае” пытанне. Сталыя гаспадыні адзначылі, што любяць працу на зямлі і многае, што неабходна для харчавання, вырошчваюць на прысядзібным участку, а сёе-тое і прадаюць на базары. Пахваліліся, што нават арбузы, абрыкосы ўдаецца ім вырасціць, і кветкі вельмі любяць.
Генадзь Міхайлавіч пажадаў сяльчанкам здароўя, бадзёрасці і ўсяго самага найлепшага.
Г.М.Лаўранкоў адзначыў у гутарцы з супрацоўнікамі раённай газеты, што рэгулярна праводзіць “прамыя тэлефонныя лініі” і прыёмы грамадзян па асабістых пытаннях у раёнах Магілёўшчыны, каб вывучаць праблемы, хвалюючыя людзей, аказваць садзейнічанне ў іх вырашэнні.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.