З упэўненасцю ва ўласных сілах

“Нас мала, але мы — у цяльняшках!..” — гэтую фразу гаварылі мужныя дэсантнікі ці марскія пехацінцы, каб падняць баявы дух перад тым, як рушыць у атаку. І яна не раз дапамагала мужным салдатам заваяваць перамогу, нават калі ён пераўзыходзіў у колькасці. Фраза гэтая ўзгадалася міжволі, калі сустрэў на адным з палёў СВК “Калгас “Ніва” камбайнераў сельгаспрадпрыемства Аляксандра Няфёдава і Алега Стальмакова (на здымку) у такіх жа паласатых майках, як у баявых дэсантнікаў. Ды і заданне ім дадзена самае што ні на ёсць баявое, як і ўсім земляробам: у аптымальныя тэрміны, якасна і без страт убраць з палёў вырашчаны ўраджай. Толькі “бой” гэты звыклы для камбайнераў, бо падабрана вопытная дружына, якая ніколі не падводзіла ў рабоце на палетках гаспадаркі. У іх ліку — Аляксей Макаронак, Генадзь Кайданаў, Уладзімір Лукановіч, Васіль Мялешкін, Аляксандр Петранкоў, Міхаіл Котаў, вадзіцелі на адвозцы Іван Скрыпуноў, Васіль Гушчын, Мікалай Максімаў і іншыя.
Паспявае ўраджай на палях “Нівы” на 2170 га, прычым гэта толькі збожжавыя і зернебабовыя культуры, а яшчэ на 310 га размешчаны рапс. Рэпетыцыю перад жнівом ніваўцы правялі падчас уборкі насеннікаў траў — райграса пашавага і аўсяніцы лугавой. Сабранае насенне ўжо давялі да ладу на збожжатаку ў Барсуках. Гэтую сушыльную гаспадарку і яшчэ адну ў Капусціна тым часам хутка падрыхтавалі да прыёму насення рапсу і збожжа. Падрыхтаваліся да жніва ў сельгаспрадпрыемстве наогул па ўсіх пазіцыях. Ураджай, як адзначаюць мясцовыя спецыялісты, чакаецца неблагі, абы не падвяло надвор’е. Але лепш наперад не забягаць: як кажуць у народзе, ураджай не той, што ў полі, а той, што ў засеках.
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.