Забяспечана станоўчая дынаміка

Як мы паведамлялі, кааператары нашага раёна дасягнулі па выніках гаспадарча-фінансавай дзейнасці за 2010 год значных поспехаў: на рахунку райспажыўтаварыства — другое месца ў рэспубліцы сярод райспажыўтаварыстваў першай групы і другое месца ў вобласці сярод калектываў кааператыўных арганізацый. Радасная навіна аб гэтым прыйшла якраз напярэдадні Дня кааперацыі, які калектыў райспажыўтаварыства ўрачыста адзначаў у зале раённага Дома культуры.
Аб складаемых поспеху і планах на будучае — наша размова са старшынёй райспажыўтаварыства А.В.Дземідовіч:
На здымку: Маладым спецыялістам райспажыўтаварыства — увагу і падтрымку.

— Кааператарамі раёна, — адзначыла Алена Валянцінаўна, — зроблена нямала па забеспячэнні фінансавай стабільнасці арганізацыі. Рост аб’ёмаў дзейнасці, укараненне перадавых метадаў работы, будаўніцтва і рэканструкцыя матэрыяльна-тэхнічнай базы — вось галоўныя напрамкі нашай работы. І як вынік — у 2010 годзе наша райспажыўтаварыства выканала 10 з 11 даведзеных прагнозных паказчыкаў. Атрымана 599 млн. рублёў чыстага прыбытку. Забяспечана станоўчая дынаміка ў нарошчванні ўласных абаротных сродкаў.
Гандлёвая дзейнасць райспажыўтаварыства па-ранейшаму займае лідзіруючыя пазіцыі ў раёне: на яе долю прыходзіцца больш 64% раённага тавараабароту.
У рамках расшырэння сферы нашай дзейнасці ў мінулым годзе быў набыты магазін у г.Бабруйску. Для паляпшэння ўзроўню абслугоўвання сельскага насельніцтва набыта 2 новых аўтамагазіна з сучасным халадзільным абсталяваннем, а таксама наладжана работа аўтамагазіна па абслугоўванні аддаленых вуліц цэнтральных сядзіб, у якіх маецца стацыянарная гандлёвая сетка.
На працягу многіх гадоў лідзіруючыя пазіцыі ў сістэме аблспажыўсаюза па рознічным тавараабароце займае наш грамхарч і ўваходзіць у пяцёрку лідараў па вытворчасці ўласнай прадукцыі. Брэнд грамхарчу “Смажанка” вядомы далёка за межамі раёна, а кафэ “Кіраўчанка” і рэстаран “Сузор’е”, як паказальныя прадпрыемствы, не раз станавіліся аб’ектамі ўвагі падчас рэспубліканскіх і абласных семінараў, аглядаў-конкурсаў.
Не адстае ад іншых і нарыхтоўчая галіна. Па выніках мінулага года нарыхтоўкі нашага райспажыўтаварыства — на першым месцы ў вобласці па аб’ёмах закупак ад насельніцтва і на другім — па аб’ёмах рэалізацыі нарыхтаванай прадукцыі.
Удзельнікам і прызёрам рэспубліканскага агляду якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў штогод становіцца камбінат кааператыўнай прамысловасці. Летась тры назвы прадукцыі былі ўдастоены бронзавай узнагароды.
Сёлета спажыўкааперацыя раёна мэтанакіравана працуе над выкананнем асноўных прагнозаў эканамічнага развіцця. Забяспечана станоўчая работа ўсіх галін, ёсць рост экспартнага абароту.
Няпростая сітуацыя, якая склалася на спажывецкім рынку краіны ў апошнія месяцы, прымусіла нас працаваць у мабілізацыйным рэжыме, накіроўваць усе намаганні на забеспячэнне насельніцтва таварамі штодзённага попыту. У нашых гандлёвых прадпрыемствах ёсць неабходны асартымент тавараў, па недастаючых імпартных пазіцыях прапаноўваюцца аналагі айчыннай вытворчасці. Паступова запаўняюцца гандлёвыя плошчывідамі тавараў, раскупленых у перыяд ажыятажнага попыту.
Упэўнена, што нашаму калектыву па сілах выканаць ускладзеныя на яго задачы і дабіцца яшчэ больш важкіх поспехаў у сваёй дзейнасці.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.