Затуманены розум — мяжа бесчалавечнасці

Адразу дзве весткі аб забойствах узрушылі жыхароў раёна з непрацяглым інтэрвалам часу. Адно з іх было ўчынена каля трох тыдняў таму, другое мае за сабой след паўтарагадовай даўніны. Але абодва аб’ядноўвае тое, што ўчыніўшыя іх знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Сваё жыццё яны паламалі, а жыццяў яшчэ дваіх маладых людзей ужо не вярнуць…
Пракаменціраваць абодва здарэнні мы папрасілі следчага пракуратуры раёна П.А.АСІНЦАВА:

— Пэўна, ужо не суджана стаць на шлях выпраўлення ўраджэнцу Выжароў П. За свае 34 гады ён паспеў тройчы быць прыгавораным да турэмнага зняволення. Прычым на працяглыя тэрміны: два чалавекі па яго віне пазбавіліся жыцця. Толькі летась ён зноў выйшаў на свабоду. Але, хутчэй за ўсё, на непрацяглы час, бо ўчыніў чарговае злачынства са смяротным зыходам чалавека. Ахвярай стаў 23-гадовы работнік СВК “Бераснёўскі”, які не дагадзіў падвыпіўшаму рэцыдывісту тым, што не пусціў яго, калі той лез без чаргі да прылаўка магазіна. У адбыўшымся канфлікце нахабнік атрымаў дастойны адпор ад хлопца і яго сяброў. Аднак супакоіцца не толькі не пажадаў, а, наадварот, — вырашыў адпомсціць. Раздабыўшы нож, ён вярнуўся да магазіна, каля якога адпачывалі маладыя людзі. Адным ударам у вобласць грудной клеткі ён пазбавіў жыцця сваёго “крыўдзіцеля” — пацярпеўшы памёр на аперацыйным стале. Забойца неўзабаве быў затрыманы, але віну яго, прычым відавочную, давядзецца даказаць органам правапарадку: разумеючы, што за трэцяе забойства яму “свеціць” пажыццёвае зняволенне, ён адмаўляецца прызнаваць віну. Толькі факты — рэч упартая…
Яшчэ адно забойства было ўчынена ў Капусціна. Праўда, факт гэты “ўсплыў” толькі нядаўна, хаця з таго часу прайшло паўтара года. 2 студзеня 2010 года ў адным з дамоў названага населенага пункта працягвала адзначаць Новы год п’яная кампанія. “Пад градусам”, як гэта часта здараецца, пасварыліся паміж сабой 20-ці- і 19-гадовая ўдзельніцы застолля. Першая, якая, дарэчы, знаходзілася ў доме свайго сужыцеля, не знайшла іншага аргумента для доказу сваёй праваты, як… сякеры: абухом яе яна нанесла некалькі ўдараў сваёй “апанентцы” па галаве, пасля чаго апошняя памёрла на месцы. Нават у падпітку прыйшло разуменне аб будучым пакаранні, і забойца вырашыла схаваць труп. Дапамагчы папрасіла свайго знаёмага, разам з якім закапалі цела забітай на агародзе. Ішоў час. Прапаўшая дзяўчына, якая, да слова, лічылася да гэтага здарэння ў вышуку за ўчыненне крадзяжоў, так і не знаходзілася. Хто ведае, колькі б так цягнулася. Але аб здарыўшымся ведаў яшчэ адзін чалавек — сужыцель забойцы. Мучыўся ён доўга з таго, што на яго агародзе знаходзіцца схаваная “магіла”. Толькі аднойчы не вытрымаў і расказаў аб гэтым свайму брату. Той вырашыў паведаміць у міліцыю… Забойца арыштавана і віну сваю прызнала поўнасцю. Толькі раскайванне для яе будзе цяжкім, бо жанчыну чакае турэмнае зняволенне…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.