Жніво пачалося! У добры шлях, хлебаробы!

Жніво!.. Гэтая пара заўсёды чакаецца з асаблівым хваляваннем. Земляробамі, аграномамі, кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў. І проста тымі, хто неабыякавы да сялянскй працы. Жніво — своеасаблівы экзамен, вынік карпатлівых намаганняў мноства людзей, залог будучага дастатку…
На Кіраўшчыне старт жніву-2011 дадзены! Першымі на хлебныя і рапсавыя палеткі вывелі збожжаўборачныя камбайны механізатары СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага.

Каля Валосавіч паспела азімая пшаніца. Тут учора на першых гектарах вялі ўборку экіпажы “Джон Дзіраў” у саставе Аляксандра Міхалькова з Аляксандрам Міхалапам і Аляксандра Бяляўскага з Яўгенам Манько.
З А.М.Бяляўскім (на здымку) мы пагутарылі на ўскрайку пшанічнага поля: павіншавалі з пачаткам жніва і пацікавіліся, з якім настроем пачаў хлебароб уборачную кампанію:
— Настрой — выдатны! — адзначыў вопытны камбайнер. — Убіраць хлеб — для мяне не прывыкаць. Гэтай ганаровай справай займаюся ажно з 1975 года. Толькі тады быў старэнькі камбайн СК-4 — без кабіны, з казырком ад дажджу. Каб намалаціць 100 тон, трэба было добра папацець пад спёкай і ў пыле. Цяпер жа — што такое 100 тон для сучаснай тэхнікі?!.. Толькі за першы “прыстрэлачны” дзень намалаціў 50 тон. Ды і хіба можна параўнаць умовы працы? У кабіне ўтульна, працуе кандыцыянер, за працай сочыць камп’ютар…
А каля Кострыцкай Слабодкі тым часам чатыры экіпажы вялі ўборку азімага рапсу: Іван Кавалеўскі з Аляксандрам Бяляўскім, Міхаіл Вербенка з Ігарам Бурдаевым, Міхаіл Елісеенка з Уладзіславам Каранке-вічам, Юрый Каранкевіч з Пятром Мухіным.
Першае намалочанае зерне пшаніцы, як нам паведаміў начальнік вытворчага ўчастка С.В.Бяляўскі, накіравана на плюшчэнне, паколькі яшчэ адчувальна вільготнае. Дарэчы, на яго адвозцы задзейнічаны Іван Барысёнак. Насенне рапсу да месца складзіравання дастаўляюць Генадзь Гукаў і Дзяніс Сакабіцкі.
У добры шлях, хлебаробы! Няхай радуе залатая ніва спелым налітым калоссем!
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.