Да хатынскіх званоў…

Ужо не раз “раёнка” расказвала сваім чытачам аб цікавым і карысным захапленні, якое адкрылі для сябе члены раённай арганізацыі ветэранаў вайны і працы: некалькі разоў у год, адкладваючы ў бок свае штодзённыя справы, яны збіраюцца разам і адпраўляюцца на экскурсіі па славутых мясцінах Беларусі. На гэты раз на карце іх турыстычнага маршруту значыўся мемарыяльны комплекс “Хатынь”.
На здымку: удзельнікі экскурсіі па мемарыядбным комплексе «Хатынь».

У падарожжа да хатынскіх званоў ветэраны запрасілі сваіх сяброў: членаў таварыства інвалідаў, раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа”, прадстаўнікоў грамадскасці раёна і карэспандэнта “Кіраўца”.
Адкрыццё мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, які, да слова, занесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, адбылося ў ліпені 1969 года. Створаны ў памяць аб беларускіх вёсках, знішчаных фашысцкімі карнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у памяць аб людзях, расстраляных і закатаваных, спаленых разам з населенымі пунктамі.
Аб трагедыі, якая разыгралася 22 сакавіка 1943 года ў в.Хатынь, ведае кожны з нас амаль з дзяцінства. Аднак, каб хаця б на хвіліну паспрабаваць уявіць сабе жах, які адбыўся тут у той трагічны дзень, на гэтым месцы трэба пабыць, паслухаць хатынскі перазвон, пастаяць пад дрэвамі, якія, магчыма, былі сведкамі тых страшных падзей.
…Вёска, адноўленая ў камяні, сустрэла нас маўклівым смуткам, кранаючым сэрца журботным перазвонам.
Крыху стомленыя доўгай дарогай, але ж упэўненыя ў сваіх сілах пенсіянеры прайшліся па ўсяму мемарыяльнаму комплексу. Прыпыніліся ля сімвалічнага даху гумна, дзе былі спалены жыхары Хатыні: і старыя, і малыя; зайшлі ў сімвалічныя зрубы на месцах спаленых хат; памаўчалі ля брацкай магілы знішчаных хатынцаў, над якой — Вянец Памяці са словамі наказу загінуўшых жывым:
“Людзі добрыя,памятайце:
мы любілі жыццё і Радзіму нашу,
і вас, дарагія.
Мы згарэлі жывымі ў агні.
Наша просьба да ўсіх:
хай жалоба і смутак
абярнуцца ў мужнасць і сілу,
каб змаглі вы зацвердзіць навечна
мір і спакой на зямлі,
каб нідзе і ніколі ў віры пажараў
жыццё не памірала!”.
Вострыя пачуцці, безумоўна, выклікае скульптура “Няскораны чалавек”, у аснову стварэння якой пакладзены трагічны лёс адзінага выжыўшага дарослага сведкі хатынскай трагедыі — мясцовага каваля Іосіфа Камінскага.
Інтарэс выклікала фотадакументальная экспазіцыя, адкрытая на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу ў 2004 годзе. Экскурсанты ўважліва вывучалі матэрыялы і дакументы экспазіцыі, якія паведамляюць аб бязвінных ахвярах Вялікай Айчыннай вайны.
У гады ваеннага ліхалецця беларускі народ панёс самыя разбуральныя страты. Вяртаючыся дадому, кіраўчане не маглі не ўспомніць аб трагічным лёсе вёскі Боркі нашага раёна. Калі ў Хатыні было спалена і расстраляна 149 чалавек, то ў Борках за адзін дзень, у выніку адной карнай аперацыі пазбавіліся жыцця 1800 нашых мірных суайчыннікаў… Не пашкадавалі нікога: ні дзяцей, ні жанчын, ні старых.
Пакуль будзе жыць памяць аб бязвінных ахвярах фашысцкай бязлітасці і бесчалавечнасці, будзе лунаць і надзея, што такое болей ніколі не паўтарыцца…
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.