Фестываль здароўя і творчасці

З мэтай садзейнічання сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі 9 —10 жніўня бягучага года ў Духоўна-асветніцкім цэнтры Свята-Іверскага храма г.Бабруйска адбыўся фестываль здароўя і творчасці “Кропелькі дабрыні ў моры здароўя”, удзел у якім прынялі інваліды ад 18 год і старэй з Бабруйска і Магілёва, Бабруйскага, Быхаўскага і Кіраўскага раёнаў. Фестываль праводзіўся ў чацвёрты раз, другі раз удзел у ім прымала каманда “Рэальныя людзі” аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, і ў другі раз яна стала пераможцай.
— Фестываль здароўя і творчасці, — гаворыць загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Ірына Тарабуева, — дае магчымасць людзям з абмежаванымі магчымасцямі праявіць сябе, а галоўнае — знайсці новых сяброў і ўмацаваць веру ў сябе.
Фестываль пачаўся з прадстаўлення візітак каманд “Змяні сябе і свет зменіцца”. Выступленне нашай каманды было вельмі яркім і насычаным і нікога не пакінула раўнадушным. Асабліва ўсіх уразіў сюрпрыз у вобразе пчолкі Майі.
Наступнае выпрабаванне чакала ўдзельнікаў фестывалю на спартыўнай пляцоўцы. У праграму спартландыі “Усе на старт!” былі ўключаны такія віды спаборніцтваў, як забіванне футбольнага мяча ў вароты з месца, закідванне ў кошык мяча з адлегласці, адзяванне рукавіц, кіданне мяча (жанчыны) і гранаты (мужчыны)ўдалечыню, дартс магнітны, кіданне кольцаў на трапнасць і конкурс капітанаў (міні-боўлінг).
Нашы рабяты былі на вышыні! Людміла Яркоева першынствавала ў кіданні мяча ўдалечыню, Раман Матуйза — у кіданні гранаты, Аляксандр Ласякоў стаў пераможцам у конкурсе капітанаў. Добра выступіла наша каманда і ў астатніх спаборніцтвах, у выніку — першае месца сярод 6-ці каманд.
Не менш цікавай і займальнай была ўся наступная праграма фестывалю: майстар-клас па вырабу сувеніраў, катанне на конях, наведванне Свята-Іверскага храма і інш. Захапляльным атрымаўся конкурс “Хвіліна славы”, удзел у якім ад “Рэальных людзей” прыняла Анастасія Сяргейчык. Яна была адзначана падзякай за выкананне песні “Музыка”, а ўся наша каманда — за актыўны ўдзел у творчых і спартыўных мерапрыемствах. Рабяты яшчэ раз паказалі, што мы — самыя дружныя, самыя згуртаваныя, самыя вясёлыя і актыўныя!
Для маладых інвалідаў была наладжана экскурсія па святых месцах Бабруйска. Яны прысутнічалі на малебне лекару Панцеляймону (якраз святкаваўся дзень яго памяці) ў Прошчы, удзельнічалі ў духоўнай гутарцы, запалілі свечкі аб здароўі сваіх блізкіх.
Мы вельмі ўдзячныя арганізатарам фестывалю, а гэта тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г.Бобруйска, аддзел па справах моладзі адміністрацыі гэтага раёна, сацыяльны аддзел Бабруйскай епархіі, за падоранае свята, за прадастаўленую магчымасць яго ўдзельнікам адчуць сябе нараўне з іншымі, зразумець, што яны ў гэтым свеце не адзінокія.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.