Мы выбіраем вёску!

Як бы ні складваліся жыццёвыя абставіны, толькі сам чалавек можа вырашыць, дзе і як яму жыць: наведваць у вольны час тэатры, гуляць па вячэрнім горадзе, дыхаць “свежым” паветрам, насычаным выхлапнымі газамі ад аўтамабіляў, грэць плечы каля батарэі ці ўдыхаць водар кветак і мёду, слухаць салаўёў, хадзіць босым па ранішняй расе, назіраць, як весела скача агонь у рускай печы, і пры гэтым працаваць… Працаваць на роднай зямлі, за што атрымліваць яе шчодрыя дары.
Наталля і Уладзімір Акулічы з в.Гарадзец выбралі для сябе другі варыянт і ўпэўнены ў правільнасці свайго выбару.
Уладзімір — мясцовы. Любоў да роднай зямлі і сялянскай працы атрымаў у спадчыну ад сваіх бацькоў, якія нарадзілі і выхавалі сямёра дзяцей, але толькі адзін з іх застаўся ў Гарадцы. Уладзімір добра вучыўся ў школе, скончыў Бабруйскі аўтатэхнікум і пры жаданні мог бы сёння быць бабруйчанінам, а то і мінчанінам, але ж цягнула дадому. Не стаў юнак выпрабоўваць лёс і супярэчыць сваім жаданням — вярнуўся да бацькоў. Не супраціўлялася прынятаму Уладзімірам рашэнню і яго нявеста Наталля, хоць нават не ўяўляла сабе вясковае жыццё. Адзінае дзіця ў бацькоў, яна нарадзілася і вырасла ў Крычаве, потым вучылася ў Бабруйску, а тут — Гарадзец…
Пасля вяселля маладыя засталіся жыць у бацькоў Уладзіміра. За год свякруха Надзея Фядосаўна навучыла маладую нявестку карову даіць, каля печы ўвіхацца і ўсім астатнім прамудрасцям вясковай гаспадыні, за што і сёння Наталля вельмі ўдзячная ёй.
Праз год гаспадарка выдзеліла маладой сям’і дыхтоўны дом, у якім Акулічы жывуць вось ужо 19 год, а ў ліпені сёлетняга года адзначылі сваё фарфоравае вяселле — 20-годдзе сумеснага жыцця. І хоць вёска даўно лічыцца неперспектыўнай, яны не здрадзілі ёй, а галоўнае — не здрадзілі аднойчы прынятаму агульнаму рашэнню. За гэты час у сям’і выраслі два сыны, Сяргей і Дзмітрый. Абодва вучацца ў Клічаўскім аграрна-тэхнічным каледжы.
З першых самастойных крокаў гаспадарання Наталля і Уладзімір вялі ўласную падсобную гаспадарку. Па словах жанчыны спачатку былі дробязі: агарод, карова і трое парасят, куры (зусім дробязі!); далей — больш. Сёння іх падсобная гаспадарка — гэта каровы, свінні, трусы, качкі, куры, толькі ў значна большай колькасці, чым на першапачатковым этапе. Так, шмат часу і сіл патрэбна, каб справіцца з усім гэтым, але ж разам — усё па сілах! Апрацоўка зямлі, збор ураджаю, нарыхтоўка кармоў — ўсё гэта большым чынам ляжыць на плячах гаспадара; балазе, што, тэхніка ёсць, і, як гаворыцца, ён на “ты” з ёю. Праўда, дапамагаюць ужо і дзеці, якія з маленства прывыклі да працы на зямлі і ведаюць тэхніку, не грэбуюць яны і іншай работай па гаспадарцы. Хлопцы разумеюць, што без іх зараз бацькам цяжкавата, таму імкнуцца адпрацаваць сваё ў час канікулаў і ў выхадныя дні.
— Як бы цяжка ні было, а для сям’і сёння падсобная гаспадарка — адна з крыніц прыбытку, — гаворыць Наталля, — Я не разумею тых вяскоўцаў, якія лічаць, што танней усё купіць у магазіне. Мяркую, ім проста не хочацца працаваць. Мой жыццёвы вопыт дазваляе параўнаць гарадское і вясковае жыццё. І я выбіраю вёску! Сёння нашы дзеці яшчэ пакуль вучацца, але ж асабіста я не хачу, каб яны ў будучым жылі ў горадзе, асабліва ў вялікім. Там жа нават суседзі адзін аднаго не ведаюць. А ў нас, асабліва цяпер, калі людзей у вёсцы становіцца ўсё менш, і радасці агульныя, і гора, і ўсё паспяваем: і дома, і на рабоце.
Наталля працуе ў мясцовым магазіне, а Уладзімір — егерам. Такі занятак гаспадара таксама не выпадковасць. Цікавасць да палявання ў яго — ад бацькі. Юрый Яфрэмавіч карыстаўся заўсёды заслужаным аўтарытэтам сярод паляўнічых.
Дай Бог, каб і Сяргей з Дзмітрыем, як і іх бацькі, знайшлі сваё месца на роднай зямлі і ганарыліся тым, што яны родам з вёскі.
Галіна РУСЕЦКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.