Наперад, племя маладое!..

У СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларусьнафта-Магілёўаблнафтапрадукт” кіраўніцтва прывыкла давяраць маладым. Іх у гаспадарцы працуе шмат, прычым на самых розных участках. Большасць з іх — мясцовыя, сыны і дочкі механізатараў, паляводаў, даярак. Вывучаючы нялёгкую сялянскую навуку, моладзь прырастае да сваёй зямлі, сваіх каранёў. І, як паказвае практыка, калі маладых вяскоўцаў падтрымліваць і давяраць ім, то і давер яны гэты апраўдваюць.
На здымку: маладзёжны ўборачны экіпаж у саставе Сяргея Юхнаўца і Дзмітрыя Гаўрылава з РУП «Чыгірынка».

Вось як, да прыкладу, камбайнеры Сяргей Юхнавец і Дзмітрый Гаўрылаў. Сяргей эстафету механізатара атрымаў ад бацькі. Міхаіл Міхайлавіч і сёння на трактары выконвае ў сельгасфіліяле любую даручаную работу. Сын жа 5 гадоў адпрацаваў на жніве памочнікам камбайнера, а цяпер другі сезон ужо сам — асноўны камбайнер. У Чыгірынцы вырас і яго напарнік Дзмітрый. Зараз хлопцы — лідары ў гаспадарцы на жніве. Імкнуцца працаваць з поўнай аддачай, хутка і якасна.
Адметна, што амаль усе астатнія члены экіпажаў камбайнаў — прадстаўнікі маладога пакалення хлебаробаў. Гэта Сяргей Гарулёў, Сяргей Брэндзікаў, Міхаіл Андрушка, Ілья Малахаў, Валерый Кароткі. Выключэнне складае толькі вопытны Уладзімір Бабіцкі, за плячамі якога істотны механізатарскі стаж. Але, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, работа ўсіх камбайнераў заслугоўвае добрых слоў. Як, да слова і вадзіцеляў на адвозцы — Валерыя Замкова, Івана Куляшова і Васіля Ахрэмчыка. Апошні — прадстаўнік Бабруйскай нафтабазы, якая выдзеліла сельгаспрадпрыемству аўтамабіль для адвозкі збожжа на камбінат хлебапрадуктаў.
Жніво ў “Чыгірынцы” вядзецца арганізавана па ўсіх накірунках. Убрана ўжо 70% пасяўных плошчаў. А вось перашкоды тым не менш існуюць. Унесла карэктывы надвор’е. Як расказаў нам галоўны аграном гаспадаркі І.П.Мухін, месцамі пасевы “падгарэлі”, а пайшоўшыя ўслед за спякотай дажджы прывялі да новай вегетацыі каласоў. Вось і даводзіцца чакаць, пакуль яны выспеюць, а так можна было б завяршыць уборку за нейкія 3-4 дні. Чакалася крыху вышэйшай і ўраджайнасць — для гэтага техналагічна было зроблена ўсё. І тым не менш, сённяшнія 26-28 цэнтнераў на круг на мясцовых пясчаных землях — гэта істотна вышэй, чым летась. Аднак у гаспадарцы лічаць, што рэзерв для росту, безумоўна, ёсць. Дастаткова і адказных кадраў — спецыялістаў, радавых работнікаў, якім па сілах гэтыя рэзервы выкарыстаць. І тое, што працуюць у “Чыгірынцы” маладыя, энергічныя работнікі, — гэта адно з пацвярджэнняў таму.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.