Паклон вам нізкі, хлебаробы!..

Вось і завяршыўся галоўны экзамен хлебаробаў — жніво, якое вянчае карпатлівую працу многіх і многіх людзей. Кіраўшчына дастойна выканала яго, сабраўшы, нягледзячы на няпростыя пагодныя і ўмовы, і эканамічныя цяжкасці, важкі ўраджай збажыны.
На здымку: сярод тых, каго ўшаноўвалі на «Дажынка», — віраўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Фінальным акордам уборачнай кампаніі ў раёне стала свята “Дажынкі”, якое прайшло ўчора на адным з палёў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. У ганаровым страі — экіпажы камбайнаў і вадзіцелі, якія адвозілі намалочанае збожжа. Павіншаваць іх, ды і адзін аднаго з паспяховым фінішам жніва сабраліся кіраўніцтва раёна, кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў. Пад гукі марша і апладысменты прысутных на імправізаваную сцэнічную пляцоўку былі запрошаны галоўныя героі жніва-2011з усіх гаспадарак раёна. Ганаровае права ўзняць флаг Рэспублікі Беларусь прадастаўлена экіпажу камбайна “Джон Дзір” СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага ў саставе Івана Салановіча і Максіма Юркаўца, якія дасягнулі найвышэйшага намалоту збожжа ў раёне. У дажыначным карагодзе старшыню райвыканкама У.У.Піскіжава віталі жнейкі — ветэраны паляводства “Рассвета”, у ліку якіх поўны кавалер ордэна Працоўнай Славы Л.Н.Палевіч. Кіраўніку раёна ўручаецца вялікі сноп — сімвал атрыманага ўраджаю. А выковаючаму абавязкі старшыні СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага У.Л.Царыкаву надзяваецца святочны вянок-абярэг у знак таго, што працоўны калектыў гаспадаркі першым у раёне завяршыў уборку хлеба, сабраўшы пры гэтым багаты ўраджай, які ў агульным караваі раёна складае 27%.
На святочнай сцэне — У.У.Піскіжаў. Старшыня райвыканкама шчыра падзякаваў хлебаробам за іх нялёгкую пачэсную працу. Ён адзначыў, што, дзякуючы ім, рэзультаты жніва ў раёне сёлета значна перавышаюць леташнія: атрымана збожжа больш амаль на 9 тысяч тон. У сёлетніх няпростых умовах была забяспечана якасная ўборка, зерне даведзена да ладу, не зафіксавана парушэнняў падчас жніва. Адным з першых у вобласці раён выканаў дзяржзаказ па пастаўках збожжа. Гэтыя вынікі былі дастойна ацэнены губернатарам вобласці П.М.Руднікам: на нядаўнім падвядзенні прамежкавых вынікаў раён быў названы ў ліку лепшых. У якасці падарунка хлебаробам Кіраўшчыны У.У.Піскіжаў перадаў ад Магілёўскага аблвыканкама вялікі каравай, як пацвярджэнне раённага ўкладу ў каравай Магілёўшчыны, а гэта, дарэчы, 5%. Аднак, як заўважыў, У.У. Піскіжаў, ёсць і шмат рэзерваў для росту, якія патрэбна скарыстаць. Наперадзе іншыя работы. Ад працаўнікоў раёна яго кіраўніку быў таксама ўручаны духмяны каравай з зерня новага ўраджаю.
Са словамі віншавання і падзякі да працаўнікоў звярнуліся першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу А.В.Осіпаў, выконваючы абавязкі старшыні СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага У.Л.Царыкаў. Ад імя працаўнікоў-хлебаробаў слова трымаў малады рассветаўскі вадзіцель Іван Барысёнак, які перавёз амаль 3,5 тысячы тон збожжа.
Жніво — справа агульная, і кожны на сваім месцы пастараўся сабраць вырашчаны хлеб якасна і ў сціслыя тэрміны. У гонар завяршэння ўборачнай кампаніі караваі новага ўраджаю былі ўручаны ўсім кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў.
Словы падзякі гучалі таксама ў адрас аграномаў, інжынераў, рамонтнікаў, брыгадзіраў, афіцыянтаў, павароў, работнікаў збожжатакоў, запраўшчыкаў. Усе ў якасці падарунка атрымалі музычныя віншаванні. Агульны намалот — здабытак агульны!
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.