“Сустрэнемся, успомнім, станцуем, спяём…»

Дабрачынная акцыя пад такой назвай, наладжаная работнікамі раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Мышкавіцкіх сельскага Дома культуры і сельскага Савета дэпутатаў, стала сапраўдным падарункам для пенсіянераў і інвалідаў вёсак Суянец і Новыя Стаўпішчы.
Для вяскоўцаў, па іх просьбах, была наладжана канцэртная праграма з удзелам народнага ансамбля “Мілавіца”. Зразумела, вельмі цяжка пажылым людзям выбрацца, як кажуць у народзе, “у людзі”, на той жа самы канцэрт у Дом культуры. Таму завітаўшым да іх самадзейным артыстам мясцовыя жыхары былі рады ад душы.
Вяскоўцы, у асноўным — пажылыя людзі, сабраліся каля дамоў сацыяльных паслуг. Аб гэтым паклапацілася спецыяліст па сацыяльнай рабоце пункта сацыяльных паслуг пры Мышкавіцкім сельскім Доме культуры І.А. Шчэрбіч. Дарэчы, у Суянцы зараз пражывае 12 пенсіянераў, у Новых Стаўпішчах — 42. Тыя, хто прыйшоў на канцэрт, безумоўна, не толькі не пашкадавалі аб гэтым, а атрымалі велізарную порцыю добрага настрою, бадзёрасці, запалу. Нягледзячы на ўзрост, гледачы і самі заўзята выплясвалі пад залівісты баян, падпявалі любімыя песні. А некаторых расчулілі меладычныя напевы нават да слязы…
Усе гледачы ў абедзьвюх вёсках шчыра дзякавалі за падораныя ім хвіліны радасці і вельмі прасілі, каб такія канцэрты наладжваліся яшчэ і яшчэ.
Фота
Марыны ЦВЯТКОВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.