У чым сустрэнем навучальны год?

Стартаваў апошні летні месяц, а гэта значыць, што хлопчыкам і дзяўчынкам варта паступова рыхтавацца да школьнага распарадку дзён: ранішніх пад’ёмаў, заняткаў, вечароў, праводзімых за падрыхтоўкай урокаў… А іх бацькам ужо час дадаць у сямейны бюджэт артыкул расходаў — “сабраць дзіцяці ў школу”. Відавочна, што па цяперашніх цэнах падрыхтаваць вучня да школы з адной месячнай зарплаты праблематычна. Многія кіраўчане ўжо пачалі закупляць школьныя тавары, каб да 1-га верасня быць “узброенымі”.
Які асартымент школьнага адзення і тавараў прапаноўваецца жыхарам раёна? Разам з бацькамі 10-гадовай дзяўчынкі, будучай пяцікласніцы, карэспандэнты “раёнкі” прайшліся па гандлёвых кропках райцэнтра з мэтай набыць самае неабходнае адразу, у надзеі пры гэтым з’эканоміць час і сродкі.
Звычайна перавагу хочацца аддаваць таварам айчыннай вытворчасці, як гаворыцца, свая кашуля бліжэй да цела. Ды і многія беларускія вытворцы, у прыватнасці бялізны, адзення і абутку, зарэкамендавалі сябе са станоўчага боку на рынку якасці. Таму свае пошукі мы пачалі з магазіна райспажыўтаварыства “Універмаг”, дзе прапаноўваюцца тавары з брэндамі вядомых у краіне прадпрыемстваў “Белвест”, “Сівельга”, “Славянка”, “Мілавіца”, “Conte” і іншыя.

У першую чаргу паспрабавалі выбраць абутак.
— Для школьніцы нашага ўзросту як мінімум патрэбна тры пары абутку, — кажа маці дзяўчынкі. — Гэта туфлікі для ўрачыстасцей, для штодзённай носкі і спартыўны абутак.
У магазіне “Універмаг” прадстаўлены даволі шырокі асартымент мужчынскага абутку — туфлей для хлопчыкаў рознага ўзросту. А вось з дзявочымі — складаней. Калі туфлікі для ўрачыстасцей больш-менш падыходзячыя па кошце і выглядзе выбраць яшчэ можна, то для штодзённай носкі — не. А дзяўчыны старэйшага школьнага ўзросту наўрад ці змогуць выбраць сабе тут туфлі…
Прасцей са спартыўным абуткам — можна набыць кеды, красоўкі рознай якасці і кошту на дзяцей любога ўзросту.
Далей пачалося самае складанае — пошукі школьнай формы. Тут сітуацыя такая ж, як і з абуткам: атрымліваецца, што для хлопчыкаў набыць касцюм для ўрачыстых выпадкаў альбо проста новыя бручкі можна без асаблівых складанасцей, балазе, выбраць ёсць з чаго. Можна знайсці касцюмчык і для дзяўчынак, аднак у асноўным для вучаніц-пачатковак. Больш дарослым школьніцам, а тым больш старшакласніцам, выбіраць амаль няма з чаго.
Па словах матулі дзесяцікласніцы, якая разглядала прапаноўваемы тавар побач з намі, неабходна пашырыць асартымент дзявочага адзення, у прыватнасці, дзелавых сарафанаў, спадніц, сукенак, а таксама блуз (дарэчы, гэтага віду жаночага адзення “Універмаг” амаль не прапаноў-вае), гольфікаў, джэмпераў.
— Ведаеце, — дзеліцца думкамі кіраўчанка, — сучасныя дзеці вельмі патрабавальныя да адзення і абутку, прычым і дзяўчынкі, і хлопчыкі. Калі першаклашкам тут яшчэ можна купіць штосьці на свой густ, то дзецям старэйшагу ўзросту унаравіць складана. На мой погляд, гэта і нядрэнна. Трэба, каб збіраючыся раніцай у школу, дзіцяці апраналася з задавальненнем у прыгожае і якаснае адзенне, адчувала сябе ў ім камфортна, не горш за іншых. Ды і бацькам не хочацца, каб сыны і дочкі хадзілі абы ў чым.
Не вельмі шырока, але ж прадстаўлены спартыўныя касцюмы. Аднак для “нашай” дзяўчынкі касцюмчыка адпаведнага памеру так і не знайшлося.
Затое зрабілі пакупкі з разрадаў “дзіцячая бялізна” і “шкарпэтачна-панчошныя вырабы”. На наведванне гэтага аддзела затрацілі шмат часу, бо выбіраць сапраўды было з чаго.
Відаць, самым адметным і яскравым адрозненнем усіх школьнікаў з’яўляецца ранец, прычым ён павінен быць не толькі прыгожым і модным, але яшчэ і якасным, каб вытрымліваць груз «граніта навукі», а як следства — зручным. Шчыра кажучы, выбар ранцаў — невялікі. А школьных сумак і для юнакоў, і для дзяўчат наогул не запрыкмецілі. Маецца секцыя сумак славутай беларускай фірмы “Галантэя”, аднак наўрад ці бацькам будзе па кішэні купляць гэтыя сумкі сваім дочкам для штодзённай носкі падручнікаў і сшыткаў.
Школьны ранец варта напоўніць. Вось тут ёсць дзе разыйсціся! І ў аддзеле канцтавараў і школьных прылад, і ў гандлёвай палатцы “Школьны базар”, якая працуе побач з «Універмагам», шырокі выбар сшыткаў, ручак, алоўкаў і іншых неабходных вучням рэчаў. Аднак па-ранейшаму праблематычна адшукаць неабходныя контурныя карты і сшыткі для лабараторных работ па розных прадметах. За імі кіраўчане ездзяць у Бабруйск альбо Магілёў…
Працягваючы школьныя зборы, завіталі на гарадскі рынак і ў гандлёвы цэнтр “Кіраўчанка”. Прывабілі туфлікі, перш за ўсё ніжэйшым коштам, чым прапаноўваемыя ў магазіне, аднак набываць не спяшаліся: насцярожвае якасць. Вырашылі крыху пачакаць.
Удалай рыначнай пакупкай бацькі пяцікласніцы лічаць куртачку-вятроўку на выпадак дажджлівага восеньскага надвор’я (ва “Універмазе” такога тавару наогул не знайшлі). Тут жа, на рынку, набылі белую блузу.
Дарэчы, на рынку на тавары для школы — “яшчэ не сезон”. Аднак многія бацькі гатовыя ўжо зараз траціць сродкі на адзенне і абутак для сваіх сыноў і дачок — школьнікаў.
Такім чынам, атрымліваецца, што з’эканоміць час бацькам дзяўчынкі не ўдалося, бо ў пошукі школьнай формы, спартыўнага касцюма і ранца, мабыць, давядзецца адпраўляцца ў Бабруйск…
…А яшчэ з паліц нашых магазінаў зніклі банты… звычайныя стужкавыя рознакаляровыя банты, якія некалі з’яўляліся цікавым атрыбутам вучаніц малодшых класаў…
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.