У памяць аб знішчаных храмах…

Праваслаўе з’явілася і пачало ўкараняцца на тэрыторыі сучаснай Кіраўшчыны ў далёкім-далёкім мінулым. Суцяшальны звон храмаў раздаваўся амаль у кожным населеным пункце…
Цэрквы былі цэнтрам жыцця нашых прашчураў, у іх знаходзілі душэўны супакой, спасцігалі Божую ласку. У гістарычных крыніцах адзначаецца, што ў XVIII стагоддзі Кіраўшчына перажывала духоўнае адраджэнне. Паўсюдна ў сялібах узводзіліся храмы: Свята-Нікольскі ў Паўлавічах, Свята-Георгіеўскі ў Дваранінавічах, Ражства Багародзіцы ў Жылічах, Касьма-Даміянаўскі ў Любонічах, Свята-Нікольскі ў Пацавай Слабадзе і іншыя.
Цвёрдыя пазіцыі праваслаўе трымала і ў XIX стагоддзі. Па вопісу Мінскай духоўнай кансісторыі 1864 года, на тэрыторыі сучаснага раёна знаходзілася 27 праваслаўных храмаў.
Аднак рэвалюцыйныя падзеі XX стагоддзя ўнеслі свае карэктывы ў духоўнае жыццё жыхароў Кіраўшчыны. У выніку бязлітаснай барацьбы новай улады з рэлігіяй многія храмы былі знішчаны, многія свяшчэннаслужыцелі аддалі жыцці за веру ў адзінага ўсемагутнага і ўсёдаруючага Бога.
За невялікі тэрмін у населеных пунктах раёна было спалена 17 цэркваў. На пачатак 70-х гадоў на тэрыторыі тут застаўся адзіны храмавы будынак — у Паўлавічах. Былая царква была пераабсталявана ў вясковы клуб, дзе бавіла вольны час моладзь…
Аднак на ўсё воля Божая — у 90-х гадах мінулага стагоддзя храмы Кіраўшчыны пачалі аднаўляцца, у іх сталі праводзіцца службы, людзі зноў пачалі звяртацца да Бога, адкрываць душы і сэрцы яго светлыні і ласцы. На жаль, большую частку спаленых і разбураных цэркваў аднавіць не ўдалося. Па благаславенні епіскапа Бабруйскага і Быхаўскага Серафіма з мэтай увекавечання памяці аб разбураных храмах праходзіць акцыя “Плачущий ангел”: на месцах знішчаных святынь устанаўліваюцца паклонныя крыжы.
Некалькі год таму такія крыжы з’явіліся ў в.Пацава-Слабада на месцы былой царквы ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца, спаленай ў 1966 годзе, і ў аграгарадку Добасна — на месцы найстаражытнейшага храма Кіраўшчыны — Ільінскай царквы.
Трагічны лёс разбурэння і знішчэння напаткаў і храм, які знаходзіўся ў в.Старыя Дваранінавічы. Ён быў спалены падчас рэпрэсій 30-х гадоў XX стагоддзя. У мінулую нядзелю акцыя “Плачущий ангел” прыйшла і на дваранінавіцкую зямлю. Настаяцель Паўлавіцкай Свята-Параскееўскай царквы і Мышкавіцкага храма іерэй Аляксей Замбрыжыцкі асвяціў паклонны крыж, устаноўлены тут у памяць аб храме ў гонар Святога Вялікамучаніка Георгія Перамоганосца 1639-га года пабудовы і могілак.
Ля Святога Крыжа, адзначыць гэтую вялікую духоўную падзею, сабраліся прыхаджане Паўлавіцкай Свята-Параскееўскай царквы, мясцовыя жыхары, веруючыя з райцэнтра і Бабруйска. Разам з іерэем Аляксеем і іерэем Валянцінам Вайтусёнкам яны здзейснілі чын асвячэння, усклалі да святыні кветкі. Цяпер у паднябессі, над гэтым святым, гадамі намоленым месцы лунае анёл, які плача па разбураным храме і загінуўшых яго служыцелях і прыхаджанах.
Жыхары Старых Дваранінавіч дзякавалі свяшчэннаслужыцелям за добрую справу, якая стала яшчэ адной прыступкай на шляху духоўнага адраджэння нашага краю. Іерэі, у сваю чаргу, выказалі падзяку старшыні СВК “Чырвоны баец” А.У.Серакову, галоўнаму прарабу Ю.А.Ражкову, С.М.Дзятлаву і ўсім, хто прымаў удзел ва ўстаноўцы паклоннага крыжа.
Паміж сабой вяскоўцы абмяркоўвалі, што нядрэнна было, каб тут узвялі капліцу. Звяртаючыся да веруючых, іерэй Аляксей адзначыў, што храмы трэба адраджаць, у першую чаргу, у сваіх душах, а далей малітвамі і з Божай дапамогай храмы будуць аднаўляцца і на зямлі…
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.