Ушаноўвалі двух- і трохтысячнікаў

Удала сёлетняя ўборачная кампанія склалася для хлебаробаў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Кіраўскага раёна. А ўчарашні дзень стаў сапраўдным святам для збожжаўборачнага экіпажа ў саставе Івана Салановіча і Максіма Юркаўца, якія перакрочылі двухтысячны рубеж намалоту, і вадзіцеля Івана Барысёнка, які першым у вобласці перавёз 3 тыс. тон збожжа ад камбайнаў!
Ушанаваць герояў жніва непасрэдна ў поле завіталі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама А.М.Ісачанка, галоўны спецыяліст аддзела па справах моладзі аблвыканкама Р.В.Мельнікаў, кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама У.У.Піскіжавым, старшыня РК прафсаюза работнікаў АПК В.П.Ставер, спецыялісты гаспадаркі.
Намеснік старшыні аблвыканкама А.М.Ісачанка павіншаваў перадавікоў і ўсіх, хто мае дачыненне да жніва, з працоўнымі дасягненнямі.
— Намалаціць 2 тысячы і перавезці 3 тысячы тон збожжа — сур’ёзны вынік, — адзначыў Анатоль Міхайлавіч. — Яшчэ 5-7 гадоў таму сярэдняя гаспадарка магла ганарыцца такім агульным дасягненнем. Гэта сведчыць аб тым, што вытворчасць развіваецца, людзі умеюць, могуць і жадаюць працаваць, а тэхніка здольная перапрацоўваць вырошчваемыя аб’ёмы збожжа. Галоўнае, каб вырас хлеб і надвор’е не падводзіла!
Па даручэнні губернатара ад абласнога выканаўчага камітэта А.М. Ісачанка ўручыў перадавікам жніва каштоўныя падарункі, а таксама майкі і бейсболкі з беларускай сімволікай і надпісам “Лідар жніва”.
Слова ў адказ трымаў старшы камбайнер Іван Салановіч, які падзякаваў за віншаванні і падарункі і паабяцаў працаваць яшчэ лепш, тым больш, што ў гаспадарцы створаны ўсе ўмовы для своечасовай і якаснай уборкі ўраджаю.
У знак падзякі ад хлебаробаў Кіраўшчыны А.М. Ісачанку быў уручаны духмяны каравай з новага ўраджаю.
Лідар сярод маладых вадзіцеляў Іван Барысёнак прымаў віншаванні ад аддзела па справах моладзі аблвыканкама ў асобе галоўнага спецыяліста Рамана Мельнікава.
Ад імя прэзідыўма Магілёўскага абкама прафсаюза работнікаў АПК старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В.П.Ставер павіншаваў герояў жніва з высокімі дасягненнямі ў ходзе ўборачных работ і ўручыў ім грашовыя прэміі і вымпелы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.