Юныя спартсменкі былі на вышыні!

Юныя валейбалісткі — выхаванкі Кіраўскай ДЮСШ упершыню прымалі ўдзел у штогадовым міжнародным турніры па пляжным валейболе “Bobruisk open”, які праходзіў на адной са спартыўных пляцовак г.Бабруйска. Сёлетні турнір — дзесяты па ліку, яго арганізатар — Беларуская федэрацыя па пляжным валейболе.
Сустрэчы каманд праводзіліся па трох узроставых катэгорыях. Валейбалісткі з Кіраўска ва ўзросце 10 — 12 год спаборнічалі парай і чатыры на чатыры. У абедзвюх сустрэчах кіраўчанкі заваявалі перамогу!
Каманда старэйшых нашых дзяўчынак — ва ўзросце 13 — 15 год занялі чацвёртае месца.
Ва ўзроставай катэгорыі 15 — 18 год выступілі таксама дзве каманды, аднак заняць вышэйшыя прыступкі п’едэсталу гонару тут, на жаль, не ўдалося. На тое былі аб’ектыўныя прычыны: акрамя моцных, добра падрыхтаваных саперніц нам давялося змагацца з сонцам, ветрам і пяском.
Лідарамі турніру ў агульным заліку сталі фаварыты дзявочага пляжнага валейбола — каманда з Маладзечна. Хоць нашы дзяўчаты і не выбіліся на вядучыя пазіцыі, але ж атрымалі неблагі практычны вопыт.
Было б добра, калі б і ў нашым раёне на гарадскім стадыёне ці ля Селіцкага возера з’явілася пляцоўка для заняткаў пляжным валейболам, магчыма, і поспехі сталі б больш значнымі.
Сяргей ЛАЗАКОВІЧ, трэнер ДЮСШ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.