Загінуўшым — вечная памяць…

Мінутай маўчання і нізкім паклонам кіраўчане ўшанавалі памяць аб мірных жыхарах вёскі Боркі і навакольных пасёлкаў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны ад рук нямецка-фашысцкіх карнікаў.
…За гады ваеннага ліхалецця поўнасцю альбо часткова было знішчана 74 населеных пункты нашага раёна, 8 з іх болей ніколі так і не паўсталі з попелу. Спалена жывымі, расстраляна і закатавана 5526 мірных жыхароў Кіраўшчыны — гэта дзеці, якія так і не сталі дарослымі; юнакі і дзяўчаты, якія не зведалі шчасце першага кахання; маладыя жанчыны, якія не паспелі адарыць сваёй прыгажосцю і пяшчотай любімых; безабаронныя старыя…
Літаральна кожны жыхар Кіраўшчыны ведае, што самая крывавая трагедыя разыгралася ў Борках. Дзень 15 чэрвеня 1942 года назаўсёды стаў жалобнай датай у гісторыі раёна. На працягу аднаго дня фашысцкімі карнікамі было расстраляна і спалена 1800 чалавек.
У настаўленне патомкам, у памяць аб страшнай трагедыі ў Борках узведзена праваслаўная капліца ў гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших”, пры актыўным удзеле кіраўніцтва Магілёўскай вобласці і раёна побач з капліцай пабудаваны мемарыяльны комплекс “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці”.
Кожны год, пачынаючы з 1957-га, у апошнюю нядзелю жніўня ў Борках, па традыцыі, ушаноўваецца памяць аб загінуўшых мясцовых жыхарах. У мінулую нядзелю тут адбыўся жалобны мітынг-рэквіем.
Прыстуных віталі старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.С.Сакадынец — ураджэнец Борак, у сям’і якога ў дзень трагедыі загінула шмат родных і блізкіх. У сваіх прамовах яны звярнуліся, у першую чаргу, да юнакоў і дзяўчат, у чыіх руках будучае роднага краю. Менавіта маладым людзям, якія выраслі і выхоўваюцца ў мірны час, нельга дапускаць тэрору і насілля на роднай зямлі, разам з усімі ім трэба быць адказнымі за забеспячэнне бяспекі Беларусі і яе жыхароў.
Ад імя падрастаючага пакалення слова трымала вучаніца СШ №1 райцэнтра Алена Русецкая.
Ветэран працы, кіраўчанін Р.З.Каган падзяліўся ўспамінамі аб сваім дзяцінстве, украдзеным вайной, аб шчаслівым выратаванні з лагера смерці.
У памяць аб расстраляных і зажыва спаленых вяскоўцах настаяцель Кіраўскага Свята-Пакроўскага храма іерэй Дзмітрый Первій правёў жалобную ліцію.
…Да Сцяны памяці аб знішчаных населеных пунктах Магілёўшчыны і брацкай магілы, дзе знайшлі вечны спакой астанкі жыхароў Борак, былі ўскладзены памінальныя вянкі, жывыя кветкі. Мігатлівым агеньчыкам заззялі ў капліцы свечкі, пастаўленыя ў памяць аб загінуўшых і за дабрабыт зараз жывучых. Кіраўчане і мясцовыя жыхары ў чарговы раз са шчырым пачуццём глыбокага смутку выканалі свой святы абавязак. Гісторыя Кіраўшчыны павінна захаваць жалобную памяць аб страшнай трагедыі, у імя шчасця будучага пакалення і вечнай, усёдаруючай і ўсёвыбачаючай любові. Менавіта сапраўдная любоў адзін да аднаго выратуе нас ад усіх бед і няшчасцяў і болей ніколі не дазволіць адбыцца падобнаму гору…
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.